У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся асуджаны Максім Бюханчык, які ў дадзены момант адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу №46 у г. Круглае і з'яўляецца «абавязанай асобай» па Дэкрэта №18.
У сваім лісце ён піша, што яго бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, а гадавала яго цётка, якая пасля смерці дзядулі і бабулі Максіма стала злоўжываць спіртным.
«Тады не было ні 18 дэкрэта, ні сацыяльна-небяспечнага становішча, і вуліца зрабіла сваю справу. Трапіў на лаву падсудных, потым другі раз. Вызваліўся у 1999 г. І зноў дзяржаве было ўсё роўна на мяне: ні працы, ні грошай на дакументы і харчаванне... Зноў турма.
Вызваліўся ў 2004 годзе, так-сяк стаў на ногі і адкрыў ІП па пашыве і пракаце вясельных і вячэрніх нарадаў. Пазнаёміўся з будучай жонкай», - піша Максім Бюханчык пра сваё жыццё.
Пазней жонка Максіма трапіла ў месцы пазбаўлення волі, там яны аформілі шлюб і там жа нарадзілася іх дачка. Калі дачцэ споўнілася 2,6 года Максім забраў яе, бо ў папраўчай установе дзіця можа знаходзіцца толькі да трох гадоў.
«І зноў дзяржаве ўсё роўна: ніхто не пытаўся, як я і што; гадаваў, працаваў і да жонкі з дачкой на спатканні ездзіў. Выкараскаліся і з гэтай сітуацыі, хоць і было шмат пагарды ў вачах дзяржслужачых - працаўнікоў паліклінікі, ясляў», - адзначае асуджаны.
Пазней пара развялася, а праз некаторы час ужо былая жонка памерла. Пасля гэтага да Максіма прыйшлі з пытаннем, дзе будзе жыць дачка.
«Пасля пахавання, на будоўлі я атрымаў шырокі апёк ног, ляжаў у лякарні. Прыехала цешча, і каб не было пытанняў, я напісаў, што не супраць, каб брат жонкі ў сувязі з маім захворваннем аформіў на сябе апеку», - удакладняе Максім Бюханчык.
Па словах мужчыны, усё было нармальна, ён ездзіў да дачкі, збіраў у школу на 1 верасня, ніхто не задаваў пытанняў, а для яго было галоўнае, каб у дзяўчынкі ўсё было добра.
Але ў ліпені 2018 года Максіма зноў прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу. І тут на асуджанага «абрынулася ўся "недастатковая" апека дзяржавы»: мужчына не змог прадставіць працоўную кніжку, і быў аформлены як падсобны рабочы, а ў кастрычніку 2018 года яго азнаёмілі з прадпісаннем, паводле якога да Максіма быў ужыты дэкрэт №18.
«Да гэтага дачцэ налічвалі дапамогу па страце карміцеля, а тут відаць палічылі: навошта нам плаціць, калі ёсць тата, які ў турме, і можна з яго вылічваць.
Тут пачалося самае цікавае: з-за таго, што ў прадпісанні ўказалі няправільныя дадзеныя - адрас месца адбываньня майго пакарання, яно прыйшло ў калонію са спазненнем, па выніку ў момант азнаямлення за мной ужо лічылася запазычанасць за два месяцы - 550 рублёў», - апісвае асуджаны сітуацыю, якая склалася.
Ён пачаў пісаць скаргі і звароты ў ДВП, Пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта, каб яго перавялі на іншае месца працы і нават у іншую калонію, дзе ён змог бы атрымаць больш высокааплатную працу, згодна з яго спецыялізацыі - цясляр трэцяга разраду. ПУАТ №46 наведвае памочнік пракурора, Максім размаўляе з ім пра сваю няпростую сітуацыю, але пасля гэтага ўсе вяртаецца на кругі свая - адміністрацыя калоніі адмахваецца, на працы перавод не афармляюць.
«Як мне патлумачыць дачцэ, што грошы, якія ёй налічваюць, плачу я, і чаму ў мяне няма магчымасці проста аплаціць ёй тэлефон, як рабіў гэта раней? Як зрабіць, каб яна не раззлавалася на мяне і на ўвесь свет? Бо ў прадпісанні паказана вылічваць 70% да пагашэння запазычанасці, што складае 273 рублёў штомесяц. З чаго зыходзілі ўлады, прымаючы гэты дэкрэт?
Мая заработная плата 330 рублёў у месяц. На рукі застаецца ад 80 да 110 рублёў, з якіх трэба плаціць за камендатуру, каб не атрымаць парушэнне і замену рэжыму. На жыццё застаецца 50-60 рублёў. І як выжыць? Менавіта выжыць?» - задается пытаннямі Максім.
Доўг па Дэкрэце №18 расце штомесяц, і цяпер, па падліках мужчыны, складае 1300 рублёў. У сувязі з запазычанасцю, Максім не можа разлічваць ні на замену рэжыму з уладкаваннем на больш высокааплатную працу, ні на амністыю.
Акрамя таго, асуджаны апісвае і ўмовы працы, у якіх знаходзіцца: стаўленне працадаўцаў «як да скаціны», яму як падсобнаму працоўнаму не выдаюць ні абутак, ні зімовую спецвопратку, зарплата 80 капеек у гадзіну, а астатняе - даплата да мінімальнай зарплаты.
«Я страціў стаж працы цесляра, хоць ужо мог бы падаваць на павышэнне разраду. Доўг па заканчэнні тэрміну складзе 2000 рублёў, а то і болей.
За год у ПУАТ я схуднеў на 16 кг. Са здароўем праблемы, у паліклініку звяртацца няма толку, бо на прызначаныя лекі грошай няма. Хто мне падкажа, дзе захаванне правоў чалавека?
На дадзены момант у душы толькі расчараванне, крыўда, злосць, абурэнне за нашу краіну. Мае скаргі і звароты толькі «футболяць» з адной інстанцыі ў другую. А мне хоць у пятлю лезь.
Я тану ў пазыковай яме перад дзяржавай і з кожным днём аддаляюся ад самага дарагога і каштоўнага, што ў мяне засталося ў жыцці - маёй дачкі», - падкрэслівае Максім.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы) прадпісваюць надаваць увагу падтрыманню сацыяльных сувязяў і апекаваць зняволеных пасля вызвалення:
Асаблівую ўвагу варта надаваць падтрыманню і ўмацаванню сувязяў паміж зняволеным і яго сям'ёй, якія ўяўляюцца пажаданымі і служаць інтарэсам абодвух бакоў... З самага пачатку адбыцця тэрміну зняволення варта думаць пра будучыню зняволенага, якая чакае яго пасля вызвалення. Да гэтага яго варта заахвочваць, а таксама дапамагаць яму падтрымліваць і ўмацоўваць сувязі з асобамі або ўстановамі, якія знаходзяцца за сценамі турмы, што здольныя садзейнічаць яго ўключэнню ў жыццё грамадства і абараніць найлепшыя інтарэсы яго сям'і. |
«Дзяржаўным органам правілы загадваюць клапаціцца аб тым, каб вызваленыя зняволеныя знаходзілі прыдатнае жыллё і працу, мелі прыдатную і дастатковую для дадзенага клімату і часу года вопратку і мелі сродкі, дастатковыя для праезду на месца іх прызначэння і для жыцця на працягу перыяду, які непасрэдна наступае за іх вызваленнем.
Насуперак гэтым стандартам, ужо сёння аўтар ліста з жахам глядзіць у будучыню: ён выйдзе на волю з велізарным абавязкам, які абцяжарыць і без таго праблематычную рэсацыялізацыю, а замест дапамогі атрымае перспектыву працаваць за траціну заробку да пагашэння даўгоў. Менавіта ў тыя дні і месяцы, калі яму неабходна дапамога і падтрымка.
І вядома, асобна варта адзначыць апісаныя ўмовы аплаты працы зняволеных ВУАТ: па сутнасці, гэта - некалькі тысяч прымушаных чалавек, вымушаных працаваць за мізэрныя заробкі, не маючы магчымасці змяніць працу або працаваць па сумяшчальніцтве, якія дазваляюць Дэпартаменту выканання пакарання і мясцовым органам улады рапартаваць пра эканамічныя дасягненні», - лічыць праваабаронца.
Калі вам сталі вядомыя выпадкі катаванняў вашых блізкіх у пастарунку, ІЧУ, СІЗА, турме ці ім не аказваецца належная медыцынская дапамогу ў зняволенні, звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў ПЦ “Вясна” праз Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. ці па тэлефонах - +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81.