Віцебскі абласны суд 30 ліпеня 2019 года вынес смяротны прысуд мясцоваму жыхару, 50-ці гадоваму Віктару Паўлаву, якога абвінавацілі ў забойстве дзьвюх пенсіянерак.
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік лічыць, што хоць следства, пракуратура і суд дзейнічалі ў рамках дзеючага ў Беларусі заканадаўства, але дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей.
“Шкада, што ў сценах Віцебскага абласнога суду быў вынесены смяротны прысуд, - распавёў праваабаронца “Віцебскай Вясне” . Асуджаны Віктар Паўлаў прызнаўся ў здзейсненым, пракурор палічыў што яго датычнасць да злачынства даказаная следствам, суддзя пагадзіўся з меркаваннем пракурора і прысудзіў падсуднага да найвышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Пагаджуся, што службовыя асобы следства, пракуратуры і суду дзейнічалі ў рамках дзейнага ў Беларусі заканадаўства. Але як праваабаронца лічу, што дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей. Нават тых, хто здзейсніў такія жудасныя злачынствы. Таму што права на жыццё – неад’емнае ад чалавека”, – сказаў Леанід Свецік.
“Дзяржава, якая лічыць сябе цывілізаванай, не павінна прымяняць смяротнае пакаранне”, – дадаў праваабаронца.
За што прысудзілі да расстрэлу Паўлава?
30 снежня 2018 году жыхар вёскі Слабада Віцебскага раёну Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр Вараненка і Кандраценкавай у вёсцы Прысушына Віцебскага раёна, каб набыць віно. У выніку спантаннай спрэчкі мужчына нанёс Вараненка ня менш за 9 ўдараў драўлянай палкай па галаве, а затым Кандраценкавай – ня менш за 5 удараў, што і стала прычынай іх смерці.
Учыніўшы крадзеж 139 рублёў (па версіі следства), дзьвух бутэлек віна і пакету з рэчамі забітых, мужчына зачыніў дом на замок і сышоў з месца злачынства. Целы забітых былі знойдзеныя 3 студзеня. Віктара Паўлава затрымалі, ён прызнаўся ва ўчыненым забойстве.
У 2005 годзе Віктар Паўлаў ужо быў асуджаны на 10 гадоў зняволення за забойства мужчыны.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Праваабаронца: Дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей