Увечары 31 ліпеня супрацоўнікі міліцыі ў Мінску на некаторы час затрымлівалі моладзевага актывіста і абаронцу Курапатаў Іларыёна Трусава. Хутчэй за ўсё, за бел-чырвона-белы сцяг.
Юнак паспеў зладзіць на сваёй старонцы ў фэйсбуку відэатрансляцыю. Падзеі адбываліся на вуліцы Бялецкага, 4 у Мінску. Як піша “Новы Час”, супрацоўнікі міліцыі доўга не паказвалі юнаку свае пасведчанні, не называлі падставу для затрымання, прадставіліся толькі пасля неаднаразовых просьбаў зрабіць гэта.
Нагадаем, 25 ліпеня непаўнагадовы Іларыён разам з бацькамі быў выкліканы на пасяджэнне Камісіі па справах непаўналетніх. У той раз абыйшлося папярэджаннем, але "пагразіліся штрафам, калі будзе яшчэ 4 пратакола, і нават спецшколай", пісаў хлопец на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
"Сябры, дзякуй за падтрымку – са мною ўсё добра. Пратаколаў няма, падставаў для затрыманьня не было – менты як заўсёды ўчыняюць «самасуд». Твары ганебнікаў й іхнія прозьвішчы зафіксаваў, так што ўсё будзе добра! Жыве Беларусь – Зь Богам!" - напісаў пазней на сваёй старонцы ў FB Іларыён.
Хроніка пераследу Іларыёна Трусава