Камітэт ААН па правах чалавека прыняў станоўчае рашэнне па звароце распаўсюдніка газеты «Витебский курьер» Міхаіла Жураўлёва.
Праваабаронца Беларускага Хельсінксага камітэта Павел Левінаў, які дапамагаў Жураўлёву ў складанні скаргі, паведамляе пра рашэнне КПЧ на сваёй старонцы ў фэйсбуку :
“Камітэт ААН па правах чалавека павіншаваў мяне з Днём паветрана-дэсантных войскаў чарговым станоўчым рашэннем”.
Яшчэ ў 2012 годзе супрацоўнікамі РАУС Першамайскага раёна Віцебска быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку Міхаіла Жураўлёва - за незаконны, на думку міліцыі, распаўсюд газеты «Витебский курьер». Суддзя Наталля Карабліна прысудзіла М.Жураўлёву адміністрацыйны штраф памерам 2500000 рублей. Штраф у паўтары разы перавышаў пенсію распаўсюдніка.
«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за выказванне свайго меркавання шляхам распаўсюджвання інфармацыі ў друку парушыла права Міхаіла Жураўлёва, гарантаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН. Накладанне адміністрацыйнага спагнання за распаўсюд інфармацыі ёсць не што іншае, як ухіленне Рэспублікі Беларусь - у асобах вышэйпералічаных суддзяў і структур - ад прынятых абавязкаў па недапушчальнасці дзеянняў, накіраваных на знішчэнне правоў і свабод, прадугледжаных Пактам», - палічыў праваабаронца Павел Левінаў.
Скарга была прынятая да разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека яшчэ напачатку 2015 года.
Крыніца: У Камітэце па правах чалавека ААН вынесенае рашэнне па справе распаўсюдніка “Витебского курьера”