Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і № 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года, паведамляе прэс-служба прэзідэнта, піша TUT.BY. Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: svaboda.org

Указамі прадугледжана, што ЦВК у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізуе правядзенне выбараў і ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.

Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны не пазней за 8 кастрычніка 2019 года правесці вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і забяспечыць выкананне іншых аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

У сваю чаргу дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі павінны забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Савету міністраў даручана забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне абодвух выбараў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні.

Нагадаем, на мінулым тыдні кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапанавала правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, а ў Палату прадстаўнікоў —17-га.

4 жніўня Лідзія Ярмошына назвала аптымальнай датай прэзідэнцкіх выбараў 30 жніўня 2020 года.

Крыніца: Вызначаныя даты выбараў у парламент