Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адказала на зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча па пытанні ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Зварот, разам з 18 тысячамі подпісаў, якія сабрала “Міжнародная амністыя” ў розных краінах свету, праваабаронцы перадалі ў Адміністрацыю 6 ліпеня.
З адказу, які падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Рыгор Шлык, вынікае, што “у цэлым нашая краіна мэтанакіравана рухаецца да паступовай адмовы ад смяротнага пакарання”.
Маўляў, з гадамі ў Беларусі змяншаецца колькасць прыгавораных да смяротнай кары: калі ў 1998 годзе колькасць прыгавораных да гэтай меры пакарання складала 48 чалавек, то ў 2009 і 2010 гадах – па два чалавекі. Апроч гэтага артыкул 24 Канстытуцыі, згодна з якім дапускаецца смяротнае пакаранне, адначасова замацоўвае выключны і часовы характара дадзенай меры.
Аднак далей Р. Шлык спасылаецца на вынікі рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года, калі 80,44 працэнта рэспандэнтаў выказаліся за захаванне смяротнага пакарання. Прэ гэтым сціпла замоўчваецца, што той рэферэндум насіў рэкамендацыйны характар.
Валянцін Стэфановіч лічыць такія высновы не зусім слушнымі і непераканаўчымі.
“Еўрапейская практыка паказвае, – каментуе адказ чыноўніка праваабаронца, – што смяротнае пакаранне адмянялася ў большасці краін выключна палітычнай воляй эліт, а не шляхам рэферэндумаў. Тэндэнцыі сёння такія, што большасць краін свету адмовіліся ад прымянення смяротнага пакарання, чаго так не жадаюць заўважаць у Беларусі.
Ді і ўвогуле вопыт паказвае, што спасылацца на вынікі такіх рэферэндумаў, а тым больш надаваць ім пэўны заканадаўчы статус, не зусім карэктна, паколькі пры прыняцці падобных рашэнняў на фарміраванне грамадскай думкі могуць уплываць самыя розныя, у тым ліку і эмацыйныя, чыннікі. Найперш, патрэбна каб у грамадстве была шырока разгорнутая дыскусія на тэму адмены смяротнага пакарання, гучалі розныя меркаванні і аргументы”.
Чыноўнік Адміністрацыі Прэзідэнта завяршае свой адказ развагамі аб тым, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь неаднаразова, і ў тым ліку зусім нядаўна, на пасяджэнні, прысвечаным адкрыццю 26 сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ звяртаў увагу, што ўвядзенне мараторыя магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэта падтрымае большасць беларусаў.
У такім выпадку існуе верагоднасць, што чакаць гэтага можна яшчэ доўгія дзесяцігоддзі.
Якім чынам краіна “мэтанакіравана рухаецца да паступовай адмовы ад смяротнага пакарання” у стасунку са словамі кіраўніка дзяржавы – застаецца толькі здагадвацца.
Як бачна з адказу, далей за словы справа з увядзеннем мараторыя на смяротнае пакаранне пакуль не ідзе.
Крыніца: Справа з увядзеннем мараторыя на смяротнае пакаранне далей за словы не ідзе