Прэс-канферэнцыя, прысвечаная пачатку назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, адбудзецца ў чацвер 8 жніўня ў сталічным Прэс-клубе.
Парламенцкія выбары прызначаныя на 17 лістапада. Адпаведны указ падпісаў 5 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Каардынатары незалежнай грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак (РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”) і Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр “Вясна”) дадуць сваю ацэнку грамадска-палітычнаму фону на момант абвяшчэння кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Праваабаронцы таксама распавядуць пра сітуацыю з імплементацыяй рэкамендацый міжнародных і нацыянальных назіральнікаў адносна зменаў у Выбарчы кодэкс, важных для правядзення свабодных і празрыстых выбараў.
Апроч вышэйпералічанага будуць агучаныя некаторыя планы незалежнага назірання за парламенцкімі выбарамі, а таксама асаблівасці, якімі будзе вызначацца сёлетні маніторынг.
Запрашаем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і зацікаўленых асоб!
Калі: 8 жніўня, пачатак у 14:00
Дзе: Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601, Прэс-клуб
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (017) 394 63 11
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 года праводзяць РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна», з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных дэмакратычных выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.