Пікет “За сумленныя свабодныя выбары” ў Менску 10 верасня. Фота Арцёма Лявы. Падчас выбарчай кампаніі-2019 пры адборы прэтэндэнтаў у акруговыя выбарчыя камісіі ўжо не будуць улічвацца іх «палітычныя якасці». Гэта стала вядома з Пастановы ЦВК № 23, якім тлумачыцца парадак утварэння выбарчых камісій пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яго апублікавалі 6 жніўня пасля паседжання ЦВК.

Цяпер вылучэнцаў у склад камісій будуць ацэньваць толькі па «дзелавым і асабістым якасцям». Як адзначаюць праваабаронцы, на папярэдніх выбарах ацэнка палітычных поглядаў такіх вылучэнцаў стала адной з падстаў палітычна матываванага, селектыўнага падыходу пры абмеркаванні пытанняў пра ўключэнні ці не ўключэнні тых ці іншых асобаў у склад камісій.

Падчас выбарчай кампаніі 2016 года праваабаронцы жорстка крытыкавалі гэты крытэр адбору. Аналітык кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка звяртаўся ў ЦВК напярэдадні фармавання ўчастковых выбарчых камісій ў 2016 годзе з патрабаваннем прыбраць з заканадаўства тэрмін «палітычныя якасці», каб гэты крытэр не мог уплываць на паказчык праходнасці прадстаўнікоў апазіцыйных структур у камісіі. ЦВК прыслухалася да прапановаў праваабаронцаў, але толькі цяпер.

«Для беларускіх чыноўнікаў увогуле неўласціва своечасова прызнаваць дапушчаныя парушэнні закона і тут жа іх выпраўляць. Але відавочна, на гэтых выбарах ЦВК фактычна прызнала тую сваю памылку і гэты крытэр больш не паказвае ў якасці арыентыру. Аднак засталіся нявырашанымі іншыя важныя прапановы праваабаронцаў аб гарантыях уключэння ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў усіх палітычных суб'ектаў — удзельнікаў выбараў», — каментуе змяненні парадку фарміравання выбарчых камісій Павел Сапелка.

Нагадаем, што галоўнай зменай папярэдняй выбарчай кампаніі было ўведзенае Пастановай ЦВК ад 8 чэрвеня 2016 г. №18 патрабаванне аб абмеркаванні пытання аб "дзелавых і палітычных якасцях" прэтэндэнтаў у склад камісіі. Як адзначаюць эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Пастанова №18 на практыцы не спрыяла большаму палітычнаму плюралізму пры фарміраванні камісій: з-за суб'ектыўных падыходаў, заснаваных на ацэнках тых ці іншых палітычных поглядаў прэтэндэнтаў, у склад гэтых камісій у пераважнай большасці ўвайшлі прадстаўнікі праўладных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Выбары-2019: Вылучэнцаў у камісіі перастануць адбіраць па «палітычных якасцях»