Ілюстрацыйнае фота Эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць аналізаваць новаўвядзенні выбарчай кампаніі-2019. Яны ўжо станоўча адзначылі тое, што згодна з новым заканадаўствам падчас фарміравання выбарчых камісій перастануць улічвацца "палітычныя якасці" вылучэнцаў. Цяпер іх будуць ацэньваць толькі па "дзелавым і асабістым якасцям".

Акрамя гэтага, праваабаронцы таксама станоўча адзначаюць палажэнні Пастановы ЦВК №29, якія прадугледжваюць стварэнне дадатковых умоў для ўдзелу ў выбарах грамадзян з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі пры правядзенні выбараў.

Па словах аналітыкаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", клопат ЦВК аб удзеле ў галасаванні людзей з інваліднасцю ўжо адзначаўся ў ходзе правядзення папярэдніх выбараў і станоўча ацэньваўся ў справаздачах назіральнікаў. Да гэтага часу гэта абмяжоўвалася арганізацыяй самастойнага галасавання людзей з аслабленым зрокам і сляпых. Акрамя гэтага, ЦВК паказваў на неабходнасць наяўнасці на участках для галасавання падрыхтаваных валанцёраў для дапамогі людзям з парушэннем рухальнай функцыі.

Цэнтральная камісія прадугледзела і іншыя ініцыятывы па забеспячэнні даступнасці месцаў для галасавання для людзей з інваліднасцю. Напрыклад, памяшканні для галасавання будуць абсталяваны сталамі, якія маюць перагародкі (шырмы) для забеспячэння тайны галасавання інвалідаў-калясачнікаў, а таксама іншых асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата. Гэтыя меры таксама дапамогуць галасаваць тым, хто з-за ўзросту або стану здароўя не могуць запаўняць бюлетэнь стоячы.

Іншыя новаўвядзенні датычацца людзей з парушэннем слыху. Цяпер дзяржаўныя тэлеканалы, адказныя за трансляцыю перадвыбарных выступленняў кандыдатаў у дэпутаты, павінны забяспечыць выступ субтытрамі ці перакладам на мову жэстаў для грамадзян з парушэннем слыху.

Таксама будуць улічаныя магчымасці падбору мясцовымі выканкамамі памяшканняў для правядзення галасавання, размешчаныя пераважна на першых паверхах будынкаў, і, па магчымасці, абсталяваныя элементамі безбар'ернага асяроддзя. У такім жа парадку будуць вызначацца памяшканні для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі і перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Будучая выбарчая кампанія стане больш інклюзіўнай?