Ураджэнку Светлагорскага раёну, грамадзянку ЗША Тамару Кавальчук, якая везла ў ААН скаргі жыхароў раёна на шкодныя выкіды ў атмасферу Светлагорскага заводу белёнай цэлюлозы, затрымалі на памежным пераходзе ў Берасце для асабістага дагляду на 4 гадзіны.
Экалагічная актывістка звязвае гэта з яе актыўнасцю супраць функцыянавання шкоднай вытворчасці. Пра акалічнасці затрымання на мяжы і сітуацыю ў горадзе Тамара Кавальчук паведаміла ў рэдакцыю сайта “Гомельская вясна”:
"У апошнія два тыдні ў Светлагорску бушуюць жарсці. Мясцовыя актывісты раздзяліліся ў меркаванні, што рабіць з смярдзючым заводам - класціся касцьмі на плошчы і клікаць на дапамогу птушак; заклікаць выходзіць да райвыканкаму, як мага больш прыхільнікаў вулічных акцый; або пайсці цярністым шляхам судовых цяжбаў і апеляцыйнай кампаніі, каб прыцягнуць увагу міжнародных арганізацый. Негледзячы на тое, што няма адзінага меркавання ў зацікаўленай супольнасці на гэты конт, большасць схіляюцца ў галоўным, што завод трэба закрыць, пакуль ён не нарабіў вялікіх бедаў і ўсе сродкі для гэтага добрыя".
Тамара Кавальчук паведамляе таксама, што заява і подпісы, сабраныя для звароту ў ААН, пры аглядзе канфіскаваныя ня былі і нават не адсканаваныя, а вось сам дагляд афіцэраў усіх рангаў дзяржаўнай бяспекі з іх дбайным праглядам медыцынскіх даведак і заключэнняў, зрабіў на актывістку моцнае ўражанне.
Больш падрабязна пра прыгоды Тамары Кавальчук і яе ўражанні - на сайце "Гомельскай вясны".
Крыніца: Грамадзянку ЗША, якая ехала скардзіцца ў ААН, затрымалі на мяжы ў Берасце