Арыгінальна асвятляюць новую выбарчую кампанію на сайце Гарадзенскага аблвыканкаму. У расейскамоўнай версіі сайту ёсць адпаведны банер і інфармацыя пра прызначэнне выбараў у Палату прадстаўнікоў. Змешчаны і адпаведны ўказ начальніка дзяржавы і інфармацыя пра выбарчыя акругі, паведамляе "Гарадзенская вясна".
А вось у беларускамоўнай версіі галоўнага ўладнага сайту вобласці "выбараў" няма ўвогуле. Там па-ранейшаму вісяць банеры з тэкстамі "Да 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў засталося..." і "Да пачатку ІІ Еўрапейскіх гульняў засталося...".
На сайце Гарадзенскага гарвыканкаму інфармацыя пра выбарчыя акругі пададзеная таксама толькі ў расейскамоўнай версіі сайту. У беларускамоўнай версіі ёсць выбарчы банер (па-расейску), але інфармацыі пра акругі няма.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Крыніца: Гарадзеншчына: для беларускамоўных ніякіх выбараў няма?