Эка-актывістка са Светлагорску Таццяна Наскова звярнулася з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні яна падымае пытанне, чаму ў 70-ці тысячным горадзе немагчыма публічна выказаць пратэст, звязаны з экалагічнай праблемай горада, паведамляе "Гомельская Вясна".
У мінулым годзе Таццяна тройчы заяўляла ў раённым цэнтры мірныя акцыі пратэсту і атрымлівала забароны. Справа ў тым, што ў горадзе прынята рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы на стадыёне «Папернік». У іншых месцах забаронена, а тыя, хто не паслухаецца ўлады, рызыкуюць патрапіць пад санкцыі - буйны штраф або арышт да 15 сутак.
«Улада дазволіла мітынгаваць на стадыёне, а калі мы пагаджаемся, аказваецца для нас і там няма месца, у маіх трох выпадках па інфармацыі чыноўнікаў там нібыта праводзіліся дзіцячыя мерапрыемствы. Іншымі словамі, улада цынічна хаваецца за дзяцей, забараняючы нам дарослым ўслых абмяркоўваць экалагічную праблему горада, звязаную з кітайскім заводам беленай цэлюлозы», - заяўляе Т. Наскова.
Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, хоць з пачатку года ў сілу ўступілі так званыя «касметычныя» папраўкі ў базавы закон аб масавых мерапрыемствах, якія дазваляюць у некаторых выпадках не прасіць дазвол на правядзенне мірных сходаў, тым не менш, з яго слоў, сітуацыя ўсё роўна цалкам знаходзіцца пад кантролем чыноўнікаў.
«Вядома, што ў нас забараняецца праводзіць некалькі мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы. У Светлагорску такім месцам вызначаны стадыён, на якім заўсёды нешта праходзіць - калі не трэніроўкі спартсменаў, так дзіцячыя святы, якія ўлада арганізоўвае, каб не даць сабрацца супернікам завода беленай цэлюлозы. Атрымліваецца замкнёнае кола, права накшталт ёсць, а рэалізаваць яго немагчыма», - пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.
У скарзе ў КПЧ ААН Таццяна Наскова акрамя ўстанаўлення парушэнняў яе правоў на мірны сход і выказвання меркавання просіць абавязаць беларускі ўрад змяніць нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах такім чынам, што б кожны меў магчымасць публічна выступаць у абарону грамадскіх інтарэсаў.
Нагадаем, па аналагічным забаронам ў Светлагорску мірных акцый пратэстаў у КПЧ ААН у бягучым годзе звярнуліся праваабаронца Алена Маслюкова і эка-актывіст Анатоль Змітровіч. Скарга яшчэ аднаго мясцовага эка-актывіста Андрэя Смаленчука, звязаная з забаронамі пратэстных акцый у Светлагорску, цяпер знаходзіцца ў Вярхоўным судзе, пасля чаго таксама будзе перададзена на разгляд на міжнародны ўзровень.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Эка-актывістка са Светлагорску звярнулася са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека