21 верасня адбудзецца з’езд Партыі БНФ, дзе будуць вылучаны кандыдаты ў дэпутаты. Цяпер ідзе фармаванне гэтага спісу.
«Нядаўна адбылося паседжанне паліткамісіі, мы папярэдне абмяркоўвалі патэнцыйны спіс кандыдатаў. На сённяшні дзень у спісе знаходзяцца больш за 90 сябраў Партыі БНФ», – распавёў журналістам старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
Амаль у той жа час, 22 верасня, ў Мінску адбудзецца 19-ы з'езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На парадку дня ўсяго два пытанні: змены ў Статут і вылучэнне кандыдатаў на парламенцкую кампанію. Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты называюцца даволі вядомыя персоны: старшыня Грамады Ігар Барысаў, першы намеснік Аляксей Сігаеў, намеснік старшыні Ганна Канюс, генеральны сакратар партыі Мечыслаў Грыб, былая старшыня БСДП Ірына Вештард, аб удзеле ў парламенцкай кампаніі таксама заяўляў член ЦК партыі Алег Трусаў. У якасці кандыдатаў будуць вылучацца і кіраўнікі абласных арганізацый: Ігар Маслоўскі, Язэп Палубятка, Алесь Абрамовіч, Мікалай Лавіцкі, паведамляецца на партыйным сайце.
У ходзе пасяджэння Вышэйшага Савета Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных структур партыі прынята рашэнне аб поўнамаштабным удзеле партыі ў маючых адбыцца выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Падрыхтавана 110 кандыдатаў, якія будуць вылучаныя ў кожную выбарчую акругу па ўсёй краіне, а таксама рэзерв кандыдатаў у дэпутаты ў колькасці 55 чалавек. Кіраўніком штаба па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прызначаны першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Вышэйшым Саветам ЛДП вызначана дата з'езду партыі, які пройдзе ў Мінску 21 верасня 2019 года.
Валерый Ухналёў, намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», кажа, што партыя будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі «у поўным маштабе»:
«Гэта значыць, вылучаць сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, арганізоўваць назіранне за выбарчым працэсам. Мы хочам паказаць людзям альтэрнатыву ў развіцці нашай роднай Беларусі. Асноўны пасыл будзе такі: 7-гадзінны працоўны дзень, 35-гадзінны працоўны тыдзень. Гэта будзе наш галоўны сацыяльны аспект".
На папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў камуністы вылучалі 50 кандыдатаў.
На сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) інфармацыя аб удзеле партыйцаў у перадвыбарчай кампаніі пакуль адсутнічае.
Аднак Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і сябра АГП Таццяна Сівачэнка падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў абвясцілі пра старт перадвыбарчай кампаніі.
Як піша mspring.online, сам Шанцаў балатавацца ў дэпутаты адмовіўся. Паводле яго слоў, больш карысці ён прынясе, калі будзе даверанай асобай для кандыдатаў ад АГП. На мінулых парламенцкіх выбарах 2016 гады ён змагаўся за крэсла дэпутата па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88 – як раз там размешчана прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў». Менавіта вакол барацьбы з гэтым заводам і плануюць будаваць сваю кампанію сябры АГП у Магілёве.
Таццяна Сівачэнка пацвердзіла, што ў сваёй кампаніі яна таксама будзе напіраць на экалагічную тэматыку. Адмыслова падабрала і лозунг – «Дыхай свабодна». Балатавацца яна будзе па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85.
Крыніца: Апазіцыйныя партыі заяўляюць аб удзеле ў выбарчай кампаніі