Дзмітрый Шчаглоў. Фота: realt.onliner.by Набалелыя праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада Фаніпаля Дзяржынскага раёна сталі каталізатарам, які  падштурхнуў неабыякавых гараджан да актыўных дзеянняў: яны падрыхтавалі Калектыўны зварот, адрасаваны адразу ў некалькі ўстаноў – Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Пракуратуру Мінскай вобласці і ў Міністэрства транспарту.

Жыхары Фаніпаля шляхам збору подпісаў пад зваротам вырашылі звярнуць увагу на сітуацыю з ЖКХ: дрэнны санітарны стан, разбітыя дарогі, смецце, слабое аўтобуснае злучэнне з Мінскам.

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў пад Калектыўным зваротам Дзмітрый Шчаглоў размясціў пры гэтым у суполцы “Падслухана Фаніпаль” тэкст, у якім паведамляў пра збор подпісаў і запрашаў людзей падыйсці ў прызначаны час 30 ліпеня да гастранома “Дабраном”, каб далучыцца да звароту.

fanipal-2.jpg
Скрыншот са старонкі "Падслухана Фаніпаль".

Такая актыўнаць надта не спадабалася мясцовым уладам: праз некалькі дзён Шчаглову даслалі позву, каб той з’явіўся ў Дзяржынскі РАУС да участковага інспектара Я. Навіцкага.

“Быццам бы я арганізоўваў мітынг для збору подпісаў на падставе паста ў інтэрнэце, хаця я проста збіраў подпісы, арганізоўваючы іх збор праз сацыяльныя сеткі. Сёння міліцыянт адвёў мяне ў суд, але суд адмовіўся разглядаць справу сёння. Дашлюць позву”, - паведаміў Дзмітрый праваабаронцам.

У міліцыі быў складзены пратакол, дзе пазначана, што Д. Шчаглоў “у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” ініцыяваў сход грамадзян для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, зафіксаваўшы гэта зборам подпісаў пад калектыўным зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру па прычыне сітуацыі з ЖКХ, папярэдне не ўзгадніўшы правядзенне дадзенага масавага мерапрыемства з мясцовым выканаўчым камітэтам, чым зжхесніў адміністратыўнае правапарушэнне па ч. 2 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства)”.

Неўзабаве Дзмітрыя Шчаглова чакае суд і магчыма штраф.

Складанне пратакола адміністрацыйнага правапарушэння за збор подпісаў каментуе юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка:

Павел Сапелка

"Падобная сітуацыя яскрава ілюструе стан заканадаўства аб мірных сходах: пералік відаў масавых мерапрыемстваў, якія падпадаюць пад дзеянне закона практычна неабмежаваны, і ў той ці іншай актыўнасці можна заўсёды знайсці больш-менш заўважныя прыкметы арганізацыі масавага мерапрыемства.

Хоць тут трэба было вельмі пастарацца, і міліцыя паспрабавала: каб дацягнуць меркаваны збор подпісаў да вызначэння сходу, там прыдумалі, што арганізатар збору подпісаў заклікае людзей сабрацца «для публічнага выказвання сваіх грамадскіх інтарэсаў». Ну так, куды ўжо публічна і выразней: прыйсці і моўчкі паставіць свой подпіс.

Таму беларускі закон крытыкуецца, а сітуацыя са свабодай мірных сходаў застаецца трывожнай. У дэмакратычных краінах нават не ўзнікла б пытаньня - сход гэта ці не; сход - значыць, улада абавязаная ўсяляк спрыяць грамадзянам у ажыццяўленні волі, ва ўсякім разе - не перашкаджаць; дзейнічае прэзумпцыя на карысць мірных сходаў. А ў Беларусі дзейнічае закон, які адпраўляе людзей, якія жадаюць пакрытыкаваць мясцовую ўладу, па дазвол да гэтай самай улады."

Нагадаем, што штрафы за збор подпісаў, які суды чамусьці трактуюць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, толькі ў мінулым годзе выносілі палітыку Анатолю Лябедзьку, блогеру Эдуарду Пальчысу, актывістам Дзянісу Мандзіку, Паўлу Пракаповічу, Ягору Сергіенка, Раману Ганчарову, Анастасіі Гусевай і многім іншым.

Крыніца: Фаніпаль: Збор подпісаў пад зваротам завяршыўся складаннем пратаколу. Ці правільна гэта?