Да выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Беларусі засталося 96 дзён. Прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў ужо заявілі аб удзеле ў сёлетняй выбарчай кампаніі. А што з грамадска-палітычнымі рухамі?
Пра свой удзел у выбарчай кампаніі заявіў рух за мірныя перамены "Гавары праўду”. “Мы пачынаем выбарчую гонку ў Палату прадстаўнікоў Беларусі”, — заяўляецца на афіцыйным сайце руху. Як паведамляецца, ужо сфармаваны нацыянальны выбарчы штаб "Гавары праўду", які ўзначаліў Сяргей Вазняк.
Пра свой намер балатавацца ў дэпутаты распавёў “Нашай Ніве" лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Палітык кажа, што пакуль не прыняў канчатковага рашэнне, дзе менавіта ён будзе балатавацца:
“Альбо гэта будзе адна з акругаў у Менску, пакуль не скажу якая менавіта, альбо ў Дзяржынску, дзе я балатаваўся ў мінулы раз”.
Сустаршыня "ГП" Таццяна Караткевіч пакуль не вызначылася з мэтазгоднасцю свайго ўдзелу ў выбарах.
Што тычыцца Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, то пакуль на афіцыйным сайце аргкамітэта партыі адсутнічае інфармацыя аб удзеле ў выбарчай кампаніі. Але як паспеў паведаміць “Нашай Ніве” сустаршыня БХД Павел Севярынец частка сябраў БХД будзе вылучацца, а частка байкатуе выбарчую кампанію. Сам ён не плануе ўдзельнічаць у выбарах.
Аб удзеле у выбарчай кампаніі-2019 Руху «За Свабоду» таксама стала вядома з матэрыла “Нашай Нівы”. Кіраўнік руху Юрась Губарэвіч распавёў, што балатавацца будзе па месцы жыхарства — Першамайскім раёне Мінска. “Гэта будзе 107 ці 108 акруга”, — гаворыць ён. Афіцыйны сайт руху пакуль апублікаваў інфармацыю толькі пра пачатак кампаніі па назіранні за выбарамі.