12 жніўня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё выказалася наконт крытыкі, якая пастаянна гучыць у адрас існуючай у Беларусі працэдуры датэрміновага галасавання. Старшыня ЦВК паведаміла, што ў краіне не збіраюцца адмаўляцца ад працэдуры, якую асабіста яна лічыць зручнай і эфектыўнай, а тыя, хто выступае супраць, проста не разумеюць тэхналогіі выбараў.
"Датэрміновае галасаванне вельмі эфектыўна. Калі ўзяць выбары 2016 года, то 31% выбаршчыкаў прагаласаваў на выбарах датэрмінова. Гэтая форма вельмі зручная для выбаршчыкаў, мы ад яе адмаўляцца не будзем. І тыя, хто заклікае адмовіцца, яны не разумеюць усёй тэхналогіі выбараў. Больш таго, яны хочуць, каб у выбарах тады ўдзельнічала мінімальная колькасць выбаршчыкаў, мы ж імкнемся да максімальнай. Таму гэты працэс будзе працягвацца. Дарэчы, датэрміновае галасаванне - гэта агульнапрыняты еўрапейскі вопыт", - паведаміла Лідзія Ярмошына.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч лічыць такія развагі старшыні Цэнтрвыбаркама чарговай маніпуляцыяй і тлумачыць, чаму працэдура датэрміновага галасавання мусіць быць рэфармавана.
Дэмакратычныя выбары - гэта не толькі паслядоўнае выкананне працэдур. Самае галоўнае, што робіць выбары дэмакратычнымі, гэта прыняццё ўсімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу іх вынікаў. Таму калі ўлады сапраўды былі б зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі былі дэмакратычныя выбары, то яны б зрабілі працэс максімальна празрыстым і бачным для апанентаў. Гэта значыць, што ў першую чаргу варта было б рэфармаваць працэдуру датэрміновага галасавання – пастаяннага аб’екту крытыкі. Аднак Цэнтрвыбаркам не спяшаецца гэта рабіць, тым самым яскрава паказваючы, што Беларусь у бліжэйшы час не збіраецца набліжацца да стандартаў дэмакратычных выбараў.
“Тыя, хто заклікае адмовіцца ад датэрміновага галасавання, хочуць, каб у выбарах удзельнічала мінімальная колькасць выбаршчыкаў, мы ж (ЦВК) імкнемся да максімальнай”, - кажа Лідзія Ярмошына, выказваючы заклапочанасць, што на ўчасткі можа прыйсці малая колькасць людзей. Але мала людзей на ўчасткі прыходзіць тады, калі ім нецікавы палітычны працэс, калі ў краіне не адбываецца ніякіх зменаў шляхам выбараў, калі ўвогуле ў грамадстве не адбываецца палітычнай дыскусіі. І калі ж такія праблемы існуюць, то і даводзіцца “імкнуцца да максімальнай колькасці выбаршчыкаў” шляхам датэрміновага галасавання.
Ва што “вырадзіліся” ў Беларусі датэрміновыя выбары?
Артыкул 53 Выбарчага кодэксу прадугледжвае, што ў датэрміновым галасаванні прымаюць удзел тыя грамадзяне Беларусі, якія ў асноўны дзень галасавання не могуць знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, а значыць не могуць прыйсці на ўчастак, дзе яны ўнесены ў спіс для галасавання. Праўда, афіцыйнага пацверджання прычын, чаму чалавек прыйсці не можа, не патрабуецца. На практыцы гэтае палажэнне Выбарчага кодэксу не выконваецца, і мы фактычна маем шэсць асноўных дзён галасавання. Напрыклад, падчас парламенцкіх выбарах 2016 года больш за 40% тых, хто прыняў удзел у галасаванні, аддалі свае галасы датэрмінова.
Якімі шляхамі дасягаюцца такія вялікія лічбы?
Першы шлях – калі ўлыда ўжываюць адміністрацыйны рэсурс і ці ўгаворамі, ці ў загадным парадку прымушаюць людзей ісці галасаваць датэрмінова. Напрыклад, калі студэнтаў і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў масава заганяюць на выбарчыя ўчасткі пад пагрозай прымянення да іх адміністрацыйных санкцый.
Другі шлях – гэта прыпіскі колькасці прагаласаваўшых, якія мы таксама фіксавалі на мінулых выбарах. Тады колькасць асобаў, што па версіі камісій прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, у разы перавышала ту колькасць, што налічылі нашыя назіральнікі.
Гэтыя факты ствараюць значны недавер да існуючай працэдуры датэрміновага галасавання. І менавіта таму і беларускія, і міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ лічаць першасным патрабаваннем урэгуляванне гэтай працэдуры.
Калі не адмяняць, то рэфармаваць
Па словах Уладзіміра Лабковіча, гутарка не ідзе пра поўную адмену датэрміновага галасавання. Але яно сапраўды павінна адпавядаць сваёй сутнасці: калі на ўчастак прыходзяць менавіта тыя людзі, якія не могуць прагаласаваць у асноўны дзень. Выбарчым заканадаўствам мусіць быць прадугледжаны крытэрыі, па якіх будуць вызначацца асобы, што могуць галасаваць датэрмінова. Таксама для гэтай працэдуры мусяць быць створаны спецыяльныя асобныя выбарчыя ўчасткі.
А як у суседзяў?
Па словах Ярмошынай, датэрміновае галасаванне - гэта агульнапрыняты еўрапейскі досвед. Так, датэрміновае галасаванне практыкуецца ў шэрагу краін, аднак гэта тыя краіны, дзе існуе абсалютны давер грамадства да вынікаў выбараў. І ў грамадстве ёсць кансэнсус, што выбары мусяць быць свабоднымі і дэмакратычнымі.
Але ж у нашых бліжэйшых суседзяў, ва Украіне і ў Расіі, датэрміновае галасаванне было адменена, бо цалкам сябе дыскрэдытавала. У Расіі галоўным аргументам для адмены стала тое, што гэта асноўны інструмент для фальсіфікацыі выбараў.
Такім чынам, усе развагі Лідзіі Ярмошынай наконт плюсаў датэрміновага галасавання ў той форме, у якой яно зараз існуе ў Беларусі, - гэта чарговая маніпуляцыя і спроба апраўдаць жаданне таго, каб замест выбараў у краіне была толькі падкантрольная ЦВК адміністрацыйная працэдура.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: "Развагі Ярмошынай пра датэрміновае галасаванне – чарговая маніпуляцыя"