Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што пракуратура г. Мінска накіравала крымінальную справу актывіста Дзмітрыя Паліенкі ў Мінскі гарадскі суд. Пра гэта паведаміла ягоная сяброўка грамадская актывістка Марына Касінерава.
Гэта значыць, што рашэнне па крымінальнай справе, якая паступіла ў суд, згодна з арт. 276 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса мусіць быць прынятае цягам двух тыдняў. Меркавана, разгляд справы Паліенкі пачнецца ў верасні.
На дадзены момант Паліенку прад'яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства). На дадзены момант Дзмітрый Паліенка знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадраскай, дзе, хутчэй за ўсё, застанецца да суда.
На думку праваабаронцаў, падставы для прыцягнення да адказнасці Дзмітрыя Паленкі ў дадзеным выпадку выглядаюць вельмі сумнеўна.
“Дыфамацыйны 369 артыкул Крымінальнага кодэкса даўно выклікае негатыўныя ацэнкі праваабарончай супольнасці. Вызначэнне міліцыянтаў як сацыяльнай групы ў межах абвінавачвання па артыкулу 130 КК таксама з пункту гледжання міжнародных экспертаў і праваабаронцаў з’яўляецца памылковым. Больш дэтальны аналіз абвінавачвання можна будзе зрабіць толькі падчас разгляду справы ў судзе. Цяпер занадта мала інфармацыі", — распавядае юрыст "Вясны" Алег Пашкевіч.
Судовае разбіральніцтва па справе Дзмітрыя Паліенкі, фактычна, будзе праходзіць падчас выбарчай кампаніі.
"Беларускія ўлады ў чарговы раз заяўляюць, што выбарчая кампанія будзе дэмакратычнай і адпавядаць міжнародным стандартам свабодных выбараў. Але свабодныя і дэмакратычныя выбары — гэта не толькі працэс апускання бюлетэняў у скрыню ці іх падлік. Гэта, у тым ліку, атмасфера, у якой праходзяць выбары. Павінна гарантавацца свабода выказвання меркавання без страха пакарання людзей за іх погляды", — дадае юрыст "Вясны".
У праваабаронцаў ёсць апасенні, што судовы працэс па справе Паліенкі могуць правесці ў закрытым рэжыме. Але, як адзначае Алег Пашкевіч, калі ўлады ўсё ж такі зробяць судовы працэс па гэтай справе адкрытым, то гэта, у тым ліку, можа стаць добрым сігналам як для беларускага грамадства, так і для міжнароднай супольнасці аб тым, што ў дзяржаве адбываюцца рэальныя дэмакратычныя працэссы.
Нагадаем, Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. 5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.
2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.