Пастанова ЦВК №29 "Аб стварэнні дадатковых умоў для ўдзелу ў выбарах грамадзян з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі" ад 6 жніўня 2019 года ўнесла шэраг пазітыўных зменаў, якія павінны дапамагчы людзям з інваліднасцю рэалізаваць сваё выбарчае права. Сярод іншага ЦВК абавязвае камісіі забяспечыць невідушчых людзей адмысловымі трафарэтамі для галасавання, а таксама арганізаваць спецыяльныя "нізкія" сталы з шырмамі, каб забяспечыць тайну галасавання людзям, якія перамяшчаюцца на інвалідных калясках.
Аднак ці ўсё тут сапраўды пазітыўна? І што пра гэта думаюць самі людзі з інваліднасцю?
Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, адзначае, што такія новаўвядзенні, несумненна, станоўчыя, аднак прапаноўвае глядзець на праблему ўдзелу ў выбарах людзей з інваліднасцю нашмат шырэй.
Перш за ўсё, Сяргей Драздоўскі адзначыў, што "ўдзел у выбарах" у адносінах да людзей з інваліднасцю ЦВК разглядаецца аднабока: толькі як непасрэдна галасаванне. Аднак выбарчы працэс мае нашмат больш граняў.
«Выбары – гэта не толькі галасаванне. Мы вялі перамовы з ЦВК пра тое, каб у законе з'явіўся шэраг норм, якія рэгламентуюць, якім чынам чалавек з інваліднасцю можа на роўных канкураваць у перадвыбарнай гонцы. А таксама якім чынам ён можа ўдзельнічаць у самім працэсе выбараў, напрыклад працаваць у выбарчай камісіі – сёння такога практычна няма», – адзначыў Сяргей Драздоўскі.
Сапраўды, пастанова ЦВК №29 разглядае чалавека з інваліднасцю толькі ў якасці таго, хто галасуе. Ні пра якія іншыя яго магчымыя ролі не гаворыцца.
Ці можа чалавек з інваліднасцю быць кандыдатам?
Як адзначае Сяргей Драздоўскі, мінулыя выбары паказалі, што чалавек з інваліднасцю ў якасці кандыдата, на жаль, не з'яўляецца прывабным для жыхароў яго акругі. Акрамя гэтага ЦВК нідзе відавочна не прапісвае, якім чынам чалавек з інваліднасцю можа атрымаць доступ да рэалізацыі свайго права быць абраным.
Ці можа ён працаваць у выбарчай камісіі?
У выбарчых камісіях практычна няма людзей з інваліднасцю. Калі яны туды і трапляюць, то хутчэй за ўсё ў гэтых людзей няма такіх фактараў інваліднасці, якія ў іншых людзей прывялі б да сутыкнення з праблемамі. «Яны хутчэй выпадковым чынам трапляюць у гэтыя камісіі, чым з-за таго, што ЦВК нешта распачаў», – падкрэслівае Сяргей Драздоўскі, і дапаўняе:
«Мы кажам пра ўсе працэсы, якія ёсць у выбарах, дзе могуць удзельнічаць людзі (а не толькі пра галасаванне). Але па факце мы бачым, што людзі з інваліднасцю там не ўдзельнічаюць. Гэта – ўскосная дыскрымінацыя. Паколькі адсутнасць дадатковых мераў, якія забяспечваюць роўнасць, проста не падпускае людзей з інваліднасцю ў поўны выбарчы працэс».
А што з галасаваннем?
Так, увядзенне «дадатковых умоваў» для людзей з інваліднасцю на выбарчых участках з'яўляецца пазітыўным. Але і тут ёсць свае нюансы: напрыклад, як невідушчаму чалавеку, які атрымлівае спецыяльны трафарэт для запаўнення бюлетэня, першапачаткова прачытаць інфармацыю пра кандыдатаў на выбарчым участку?
Але нават калі засяродзіцца толькі на пазітыўным моманце «дадатковых умоваў» для людзей з інваліднасцю, то ўсё роўна яшчэ занадта рана казаць пра поўную інклюзіўнасць выбараў.
«Пакуль размова ідзе толькі пра элементарную даступнасці», – адзначае Сяргей Драздоўскі, і дапаўняе свае разважанні важнай дэталлю: «Такі спосаб [клопату пра людзей з інваліднасцю з боку ЦВК] на самай справе з'яўляецца проста жаданнем павысіць колькасць тых, хто галасуе. Гэта самае галоўнае для комисcии – каб людзі прагаласавалі. Але людзі не ідуць галасаваць (не важна, з інваліднасцю або без) па іншай прычыне – яны не вераць у гэтыя выбары».
Пры ўсім жаданні выбарчых камісій падвысіць яўку выбаршчыкаў нязменным застаецца пытанне аб правах людзей, пазбаўленых дзеяздольнасці (а значыць - і права галасавання). Іх галасы не ўлічваюцца і наўрад ці будуць у бліжэйшы час. У той жа час, напрыклад, у Галандыі такія людзі нароўні з іншымі прымаюць удзел у галасаванні.
Такім чынам, Пастанову ЦВК №29 "Аб стварэнні дадатковых умоў ...» можна лічыць толькі адной з нядрэнных дзяржаўных практык – але не больш за тое. Паколькі тут гаворыцца толькі аб павышэнні фізічнай даступнасці людзей з інваліднасцю. Аднак гэта не распаўсюджваецца на больш важныя элементы ў выбарах. Іншымі словамі, вельмі маленькая верагоднасць таго, што чалавек з інваліднасцю можа патрапіць у персоны, якія прымаюць рашэнні.
У той жа час Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю, якую падпісала ў тым ліку і Беларусь, кажа пра тое, што людзі з інваліднасцю павінны прымаць удзел у прыняцці рашэнняў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Крыніца: Сяргей Драздоўскі: Занадта рана казаць аб поўнай інклюзіўнасці выбараў