Сёння, 16 жніўня, у Эканамічным судзе горада Мінска працягваецца разгляд справы па скарзе газеты “Вячэрні Магілёў”, рэдакцыя якой аспрэчвае рашэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму. Нагадаем, раней камісія ўгледзела прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах выдання, у якіх ішла гаворка пра гвалт над ЛГБТ-людзьмі: «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» і «У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў». На падставе рашэння камісіі Ленінскі РАУС Магілёва пачаў у дачыненні да газеты адміністрацыйны працэс па арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Падчас судовых разбіральніцтваў у судзе Ленінскага раёна г. Магілёва юрыст выдання Станіслаў Леўчанка заявіў, што «Вячэрні Магілёў» абскарджвае рашэнне экспертнай камісіі. На падставе гэтага суддзя Аляксандр Бушкевіч часова прыпыніў разгляд справы ў магілёўскім судзе.
"Вясна" будзе весці анлайн-рэпартаж наўпрост з залі суда.
На сённяшні суд прыйшло каля 12 чалавек: рэдакцыя "Вячэрняга Магілёва", іх група падтрымкі і журналісты. Таксама на судзе прысутнічаюць прадстаўнікі Акадэміі наук, у тым ліку з Цэнтра даследавання беларускай мовы і культуры. Судовы працэс пачаўся са спрэчкі. Журналіст "БелаПАН" хацеў сфатаграфаваць залю суда да пачатка судовага разбіральніцтва, але група падтрымкі "Вячэрняга Магілёва" пачала замінаць гэтаму і крычаць, што ён сваімі дзеяннімі нібы "тэрарызуе нормы Канстытуцыі". Сакратар суддзі пытаўся данесці да іх, што да забароны суддзёй здымаць залю суда можна. Пры гэтым сакратар суддзі сабраў пашпарты ўсіх прысутнічых, у тым ліку журналістаў, каб перапісаць дадзеныя. Пасля ўнясення звестак у кампутар ён вярнуў пашпарты.
Як і папярэдняе, сённяшняе пасяджэнне вядзе суддзя Алеся Касьянчык. Але прадстаўнікі "Вячэрняга Магілёва" заявілі адвод суддзі. Яны выказалі недавер на падставе таго, што суддзя неаб'ектыўная, таму што ў папярэдні раз адмовіла ў хадайніцтвы ў лінгвістычнай экспертызе.
Для вырашэння хадайніцтва аб'яўлены перапынак, падчас якога ў залі суда гучыць верш "Стойка трымаўся юнак на дапросе"...
Прадказальна, хадайніцтва ў адводзе суддзі адхілена.
Крыніца: Судовыя цяжбы "Вячэрняга Магілёву" працягваюцца. АНЛАЙН