Актывісты, якія выступаюць супраць нядаўна прынятага закону “Аб адтэрміноўках, працягваюць сутыкацца з ціскам з самых розных бакоў. Як паведамляе “Радыё Свабода”, на днях навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафэсійна-тэхнічнага каледжа Аляксей Маісееў падаў заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам на правядзенне адзіночнага пікета. Яго мэта — праінфармаваць грамадзян пра новы закон, які тычыцца службы ў войску.
«Хочацца неяк процістаяць гэтаму закону, а многія людзі, відаць, баяцца падаваць заяўкі на такія акцыі. Я вырашыў не чакаць, калі з неба зваляцца смелыя людзі», — сказаў Аляксей Маісееў.
Паводле Аляксея, на ініцыятыву адрэагавала адміністрацыя каледжа.
«Мяне выклікалі ў каледж адносна правядзення пікету. Дырэктар таксама спрабаваў даць мне „рэкамендацыі“, што гэтага рабіць не варта, бо на мне будзе нейкае „кляймо“ і навошта падстаўляць каледж. Спрабавалі мне патлумачыць непазбежнасць службы ў войску і што я туды пайду ў любым выпадку, то бок якая розніца тады», — сказаў Аляксей.
Атрымаць каментар у дырэктара каледжу Алега Бахановіча “Радыё Свабода” не ўдалося, ён патлумачыў, што «заняты».
Гэта не першы выпадак ціску, з якім сутыкаюцца актывісты кампаніі “Пратэст BY”, што выступае супраць закона “Аб адтэрміноўках”. Калі раней студэнт з Мінску Валянцін Мялешка таксама падаў заяўку на правядзенне адзіночнага пікета ў дазволеным месцы, ідэолаг Заводскага раёна літаральна ўгаворвала яго адклікаць паведамленне на пікет. У Гародні былі затрыманыя тры хлопцы, якія распаўсюджвалі ўлёткі пра кампанію і пра шкоднасць новага закона. Хлопцаў распытвалі пра дзейнасць кампаніі і адпусцілі без складання пратаколаў. Таксама праваабаронцам вядома пра падобны выпадак, які адбыўся з юнакамі ў Слоніме.
Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона “Аб адтэрміноўках"?
Паводле новага закону адтэрміноўка ад войска для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. У Мінабароны новаўвядзеньні патлумачылі недахопам прызыўнікоў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы салдат больш, чым раней.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Кіраўніцтва магілёўскага каледжа цісне на студэнта, які падаў заяўку на адзіночны пікет