Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў у красавіку 2019 году актывіста Міколу Качурца штрафам у памеры 102 рублі за бел-чырвона-белы сцяг, з якім віцяблянін сфатаграфаваўся на Дзень Волі. Качурэц абскардзіў пастанову ў абласным судзе, але безвынікова. Затым, паводле "Віцебскай Вясны", ён напісаў скаргу ў Вярхоўны суд – і вось які адказ атрымаў.
Намеснік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч “у выніку вывучэння матэрыялаў справы” прыйшоў да высновы, што пастанова Кастрычніцкага суду “з'яўляецца законнай і абгрунтаванай”, а “абставіны правапарушэння абследаваныя ўсебакова і аб’ектыўна”.
“Факт вашага ўдзелу ў незаконным масавым мерапрыемстве, мэтай якога было публічнае выяўленне грамадска-палітычнай пазыцыі, пацвярджаецца тлумачэннямі супрацоўнікаў міліцыі Карушкі, Дзятлава і Ярашэўскага, іншымі доказамі ў іх сукупнасці”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.
“Падставаў для адмены пастановы не маецца”, – падсумоўвае Руслан Аніскевіч.
Качурэц звернецца ў КПЧ ААН
“Замацаваная Законам працэдура рэалізацыі вашага права на публічнае выяўленне грамадска-палітычных інтарэсаў і пратэсту накіраваная на стварэньне ўмоваў для рэалізацыі вамі сваіх правоў”, – сцвярджае Вярхоўны суд.
“Стварэнне ўмоваў для рэалізацыі правоў?.. Гучыць вельмі смешна. Яны ствараюць умовы толькі для таго, каб нашае насельніцтва хадзіла строем. А калі хочаш зрабіць крок налева ці направа – пішы заяву ці плаці штраф”, – кажа на гэта Мікола Качурэц.
Актывіст прызнаецца, што і не чакаў станоўчага адказу на сваю скаргу ў Вярхоўны суд. Ён паведаміў, што працягне змагацца за свае правы і бліжэйшым часам накіруе індывідуальнае паведамленьне ў Камітэт па правах чалавека ААН.
“Бо дамагчыся праўды на нацыянальным узроўні папросту немагчыма”, – тлумачыць Качурэц.
Нагадаем, 25 сакавіка 2019 году падчас святкавання БНР-101 Мікола Качурэц зрабіў усяго толькі адзін фотаздымак з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам на фоне помніка князю Альгерду ў Віцебску. Суддзя суду Кастрычніцкага раёну ьняжана Кіндзеева аштрафавала актывіста за гэты ўчынак на 4 базавыя велічыні. За “пікетаванне з выкарыстаннем палотнішча бел-чырвона-белага колеру без атрымання дазволу” на Дзень Волі - 2019 такія ж самыя штрафы атрымалі тады яшчэ двое віцяблян – браты Яраслаў і Ўладзімір Кійко.
Крыніца: Вярхоўны суд адказаў Міколу Качурцу наконт штрафу за бел-чырвона-белы сцяг