У Мінску 19 ліпеня адбылася сустрэча дэлегацыі Еўрапейскага парламента з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія далі сваю ацэнку сітуацыі ў краіне, а таксама распавялі пра перашкоды і абмежаванні, з якімі ім даводзіцца сутыкацца ў сваёй дзейнасці.
Сярод удзельнікаў Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, якую ўзначальвае Богдан Здраеўскі, дэпутат Еўрапейскай народнай партыі ад Польшчы, у Мінск прыехалі парламентарыі з Польшчы, Літвы, Латвіі і Германіі, якія прадстаўляюць чатыры палітычныя групы. На сустрэчу да іх былі запрошаныя сябры розных няўрадавых арганізацый – Алег Агееў (БАЖ), Вольга Смалянка (Lawtrend), Васіль Санковіч (БХК), Святлана Каралёва (НП ФГО УП), Алег Волчак (Прававая дапамога насельніцтву), Міраслаў Кобас (Фонд Льва Сапегі), Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”).
У сваіх выступах прадстаўнікі НДА распавялі еўрапарламентарыям пра бягучую сітуацыю ў краіне, закранаючы розныя аспекты і праблемы, і адзначылі адсутнасць сістэмных зменаў.
Паводле праваабаронцаў, апошнім часам назіраюцца пэўныя пазітыўныя сігналы з боку ўладаў, адбываецца выбарачная камунікацыя з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, аднак пры гэтым ёсць усе падставы канстатаваць адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў краіне.
Прадстаўнік “Вясны”, рэзюмуючы падчас сустрэчы выступы сваіх калегаў, звярнуў увагу на асноўныя праблемы – цыклічнасць рэпрэсій і адсутнасць прамога дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю.
“Цыклічнасць рэпрэсій у краіне мы назіраем дзесьці з 2006 года. Падзеі сёлетняй вясны яшчэ раз пацвердзілі гэтую тэндэнцыю: калі ўлады расцэньваюць нейкія падзеі як крытычныя для сябе, якія, паводле іх меркавання могуць дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, то імгненна мяняюць свае “мяккія практыкі” на тыповы набор рэпрэсіўных мераў, які ўключае ў сябе затрыманні, арышты, крымінальны пераслед па палітычных матывах і гэтак далей, - кажа Валянцін Стэфановіч. - Я нагадаў, што вясной мы назіралі падзеі, калі больш за тысячу чалавек былі рэпрэсаваныя ў той ці іншай форме. Нагдаў, што апошня 14 фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ці “справы патрыётаў”) былі вызваленыя з-пад варты напярэдадні сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Мінску, але крымінальны пераслед у дачыненні да іх не спынены, вядуцца актыўныя следчыя мерапрыемствы...”
У размове з прадстаўнікамі Еўрапарламента Стэфановіч акцэнтаваў увагу на тым, што для беларускай праваабарончай супольнасці наяўнасць палітычных зняволеных прынцыпова недапушчальная.
На пытанне, што варта прадпрымаць у такой сітуацыі, ён адзначыў, што актуальны парадак дня праваабарончых арганізацыяў – прасоўванне сістэмных зменаў у краіне, найпершы на ўзроўні заканадаўства.
“Сістэмныя змены будуць спрыяць таму, што цыклічнасць рэпрэсій не стане развівацца далей. Для гэтага мы будзем выкарыстоўваць самыя розныя нашыя магчымасці”, - кажа Валянцін Стэфановіч. - І, канешне, мы настойваем на непасрэдным прамым дыялогу грамадзянскай супольнасці і ўрада ўнутры краіны. Павінны быць сталыя дыялогавыя пляцоўкі. Вось распачаўся чацверты раўнд Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, і да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі некаторых праваабарончых арганізацый, што, канешне, з’яўляецца пазітыўным крокам. Але асноўная праблема - з дыялогам унутры краіны, а не пры пасрэдніцтве іншых міжнародных арганізацый”.
Паводле праваабаронцы, выкананне абазначаных ім пунктаў можа ў пэўнай меры гарантаваць, што не ўзнікнуць чарговыя хвалі жорсткіх рэпрэсій, бо ўсё ж ва ўмовах эканамічнага крызісу ў краіне верагоднасць сацыяльных пратэстаў застаецца актуальнай.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязах з Беларуссю, візіт у Мінск “быў працягам палітыкі крытычнага ўзаемадзеянне з Беларуссю, якой прытрымліваецца Еўрапейскі Саюз і якая скіраваная на заахвочванне далейшага супрацоўніцтва і прагрэсу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і адкрытасці грамадства праз дыялог”. На ўсіх сустрэчах дэпутаты нагадвалі пра рэзалюцыю Еўрапейскага парламента ад 6 красавіка 2017 года, якая асудзіла жорсткія захады супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў лютым і сакавіку.
Варта дадаць, што гэта не адзіны афіцыйны візіт прадстаўнікоў краінаў Еўрапейскага Саюза ў Мінск на бягучым тыдні. 18 ліпеня прадстаўнікі ПЦ “Вясна” і БХК, Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак, сустракаліся з намеснікамі міністраў замежных справаў Германіі і Францыі і кіраўнікамі амбасадаў абедзьвюх краінаў.