Гарадзенскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель атрымаў бюракратычны адказ на свой зварот у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
У сваім ініцыятыўным звароце праваабаронца прасіў разгледзець магчымасць прыняць рашэнне аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці ўказаў Прэзідэнта №293 і 294 аб прызначэнні выбараў парламенцкіх выбараў.
Зварот быў матываваны найперш тым, што парадак правядзення сесій палат Парламента выразна ўрэгуляваны ў заканадаўстве, у тым ліку па датах пачатку іх працы. А між тым, перанясенне тэрмінаў чарговых выбараў, якое наўпрост прывядзе да парушэння ўсталяваных тэрмінаў адкрыцця першай сесіі новаабранага Парламента, - гэта парушэнне, якое супярэчыць палажэнням Канстытуцыі, іншым законам, прынятым на яе падставе.
За подпісам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктара Чайчыца дадзены адказ, у якім гаворыцца, што зварот пакінуты без разгляду па-сутнасці. Ідзе спасылка на частку 8 артыкулу 27 Закону “Аб канстытуцыйнай вытворчасці”, аднак не тлумачыцца, што менавіта ў звароце не адпавядае Закону.
Далей у адказе сцвярджаецца, што ніякага парушэння ў правядзенні бягучых выбараў Пастаянная камісія па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтвам не ўгледжвае.
Нагадаем, што падобны зварот у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, а таксама скаргу ў Цэнтрвыбаркам накіраваў юрыст БХК Гары Паганяйла.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Раман Юргель атрымаў адпіску ад Нацыянальнага сходу