У ходзе нарады прэзідэнта па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў пры раскрыцці і расследаванні злачынстваў ўсплылі некаторыя супярэчнасці ў дзейнасці сілавых структур. У прыватнасці, выклікае пытанні роля пракуратуры (і Генеральнай у тым ліку) у разглядзе заяў аб здзяйсненні службовымі асобамі МУС і СК службовых злачынстваў.
Як гэта адбываецца на практыцы - добра паказвае справу памерлага ў жодзінскім СІЗА Алега Багданава.
Жыхар Мінска Алег Багданаў памёр у ПУ "Турма №8" у Жодзіне 29 студзеня 2016 году ад вострай сардэчнай недастатковасці. У 2014 годзе перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, з'яўляўся інвалідам 3-ці групы, і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні лекара-кардыёлага. Яго маці Марыя Багданава лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі, што і прывяло ў выніку да смерці.
Ужо больш за тры гады Марыя Багданава спрабуе прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці сына. Увесь гэты час справу аб яго смерці неаднаразова распачынала пракуратура, а затым следчыя органы спынялі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. І так па коле.
Асаблівасць гэтай справы ў тым, што яе расследаванне ўсур'ёз ускладніў следчы, які рабіў даследчую праверку. На думку праваабаронцаў, некаторымі сваімі дзіўнымі дзеяннямі (з пункту гледжання прафесіяналаў), якія праявіліся ў тым ліку ў знішчэнні доказаў, ён адрэзаў магчымасці паўнавартаснага расследавання справы. Маці Алега Багданава ўгледзела ў дзеяннях следчага прыкметы службовага злачынства і ў траўні гэтага года звярнулася з заявай аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы ў Генеральную пракуратуру.
У чэрвені жанчына атрымала адтуль адказ, падпісаны намеснікам начальніка ўпраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам А.М.Сербуна. У дакуменце сцвярджаецца, што прыняцце рашэнняў па заявах аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі Следчага камітэта ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, адносіцца выключна да кампетэнцыі органаў папярэдняга следства. І таму Генпракуратура перанакіравала заяву Багданавай ў Следчы камітэт.
Складаецца адчуванне, што А.М. Сербун не ў курсе, што ўжо як два гады пракуратура разам з органамі папярэдняга расследавання мае права прымаць рашэнні аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да злачынстваў, учыненых службовымі асобамі ў сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю. Гэта могуць быць службовыя асобы пракуратуры, Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Дык як жа пасля такога адказу можна чакаць ад пракуратуры нагляду за законнасцю?
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Адказ Генпракуратуры маці памерлага Багданава: няведанне закона або намер?