Як паведамляе "Наша ніва", цягам жніўня на аўтобусных прыпынках у Светлагорску былі расклееныя наступныя ўлёткі:
«Алена Маслюкова з Светлагорску лічыць сябе праваабаронцам і марыць з’ехаць у Еўрасаюз. Выкарыстоўвае жыхароў горада у мэтах супрацьстаяння з уладамі і атрымання статусу палітзняволенага альбо палітычнага прытылку ў краінах Захаду. Яна не вырашае вашы праблемы! Яна вырашае свае пытанні!»
Алена Маслюкова — праваабаронца з «Вясны», раней яна працавала ў школе настаўніцай гісторыі, але была звольненая праз свае погляды. Цяпер спадарыня Алена выступае супраць запуску ў Светлагорску цэлюлознага заводу.
«Пабачыла гэтую ўлётку 18 жніўня, калі мы штотыдзень прыходзім на цэнтральную плошчу супраць завода. Улётку прынесла мая колішняя каляжанка. Пачыталі, пасмяяліся. Потым вырашыла паказаць гэта сваёй нявестцы, а яна кажа, што мой вучань такія ўжо бачыў. Схадзіла да яго, ён мне гаворыць: «Спадарыня Алена, я ўжо асабіста чатыры такія ўлёткі сарваў».
Алена Маслюкова 22 жніўня напісала заяву ў міліцыю, каб яны знайшлі тых, хто вырабляе і распаўсюджвае такую прадукцыю. У міліцыі да такой заявы паставіліся са скепсісам, кажа праваабаронца.