21 жніўня мінскі доктар-педыятар Дзмітрый Серада, у кватэру якога тры гады таму па памылцы ўварваўся АМАП, атрымаў ліст ад Следчага камітэту за подпісам старэйшага следчага СК М.А. Кіслага. У ім паведамлялася, што 19 жніўня СК прыняў чарговую пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненне да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Аднак у гэтым жа лісце дадаецца, што ўсяго праз два дні, 21 жніўня, гэтая пастанова адмененая для правядзення дадатковай праверкі.
Чаму так хутка перадумаў Следчы камітэт? Ёсць вялікая верагонасць, што звязана гэта з нашумелай нарадай Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой ён жорстка крытыкаваў метады дзейнасці прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Нарада адбылася 20 жніўня, то бок за дзень да таго, як Серада атрымаў ліст ад СК.
Нагадаем, што раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзверэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».
На працягу трох гадоў Дзмітрый Середа атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў, якія відавочна пры яго затрыманні перавысілі паўнамоцтвы. І толькі 23 ліпеня 2019 года суд Партызанскага раёна пастанавіў задаволіць скаргу Дзмітрыя Серады, адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку.
Урач-педыятр VS міліцэйскае бяспраўе. 7 фактаў супрацьстаяння
І пакуль дадтковая праверка ізноў працягнута, Дзмітрыя чакае яшчэ адзін судовы працэс. Ён разам з членамі сваёй сям’і вырашыў звярнуцца ў суд па кампенсацыю матэрыяльнай шкоды. Адказнікамі ў грамадзянскім працэсе будуць выступаць Міністэрства фінансаў, Міністэрства ўнутраных спраў, Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарывыканкаму і УУС Заводскага раёна.
Паседжанне па гэтай справе адбудзецца 28 жніўня ў 14.15 у судзе Заводскага раёна (Партызанскі пр-т, 75А, каб.17).
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Справа Серады: СК зноў адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу, але пасля нарады Лукашэнкі перадумаў