У Калінкавічах вызначылі месцы, дзе забаронена ставіць пікеты для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
У параўнанні з мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў колькасць такіх месцаў у Калінкавічах крыху скарацілася.
23 жніўня Калінкавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне «Аб вызначэнні ў Калінкавіцкім раёне месцаў, забароненых для правядзення пікетавання» і змясціў яго на сваім сайце.
Як паведамляе “Палесская вясна”, нягледзячы на такую няпэўную назву, яно тычыцца не пікетавання ўвогуле, а толькі пікетавання з мэтай збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Калі параўнаць гэтае рашэнне з такім самым, якое мясцовы выканаўчы орган прымаў тры гады таму – у 2016 годзе, перад мінулымі выбарамі, дык колькасць месцаў, дзе забаронена ладзіць пікеты для збору подпісаў паменшылася. Адпаведна, свабоды збіральнікам далі болей.
Цяпер улады баяцца ўбачыць пікетоўцаў на адлегласці бліжэй 50 метраў ад будынкаў райвыканкама, суда, пракуратуры, ваенкамата, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі (прычым, і звычайнай – раённай, і лінейнага пункта на чыгуначнай станцыі Калінкавічы), а таксама тэрыторыяў установаў адукацыі. Нельга ставіць пікеты таксама бліжэй 100 метраў ад будынкаў цэнтральнай раённай бальніцы.
Падчас мінулых выбараў выканкам забараняў збіраць подпісы яшчэ і бліжэй 50 метраў ад будынкаў сельскіх выканкамаў, раённых вузлоў паштовай і электрасувязі, прадпрыемстваў вода-, цепла-, энергазябеспячэння і грамадскага транспарту.
Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што адсутнасць забароны для збору подпісаў на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў (у прыватнасці, устаноў адукацыі і аховы здароўя) стварае ўмовы для выкарыстання ў іх адміністрацыйнага рэсурсу ў інтарэсах праўладных кандыдатаў у дэпутаты. У прынятым Калінкавіцкім райвыканкамам рашэнні гаворыцца пра забарону выстаўляць пікеты на адлегласці бліжэй 50 метраў ад тэрыторыяў установаў адукацыі, але не гаворыцца пра забарону збору подпісаў на самой тэрыторыі ўстановаў адукацыі. І тут як раз магчымая сітуацыя, калі ініцыятыўныя групы апазіцыйных кандыдатаў на тэрыторыі гэтых установаў патрапіць не змогуць, але прадстаўнікі такіх праўладных структураў, як Белая Русь альбо БРСМ будуць там збіраць подпісы за сваіх кандыдатаў.
Варта таксама адзначыць, што ў Калінкавіцкую выбарчую акругу па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання ўваходзіць і Акцябрскі раён. Але тамтэйшы райвыканкам станам на 25 жніўня так і не прыняў і змясціў на афіцыйным сайце рашэння аб вызначэнні ў сваім раёне месцаў, забароненых для пікетавання падчас збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Рашэнні пра месцы для перадвыбарчага пікетавання: Калінкавічы прачнуліся, Акцябрскі – марудзіць