28 жніўня 2019 года ў Мінску ў Кіеўскім скверы прайшоў адзіночны пікет супраць "Закона аб адтэрміноўках"

Высновы:

  1. Згодна з міжнародным стандартам адзіночны пікет не падпадае пад абарону арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода мірных сходаў), аднак на адзіночнае пікетаванне распаўсюджваецца дзеянне артыкула 19 МПГПП, якi гарантуе свабоду выказвання меркавання. Па нацыянальным законе адзіночнае пікетаванне аднесена да масавых мерапрыемстваў і рэгулюецца законам "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".
  2. Удзельнік адзіночнага пікету не выкарыстоўваў заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжываў і не правакаваў гвалт. Сваімі дзеяннямі ён не парушаў грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўляў пагрозы грамадскай бяспекі, а таксама не парушаў правы і свабоды іншых асоб.
  3. Адміністрацыйныя функцыі з боку праваахоўных органаў ажыццяўлялі супрацоўнікі ў грамадзянскай форме адзення (пры гэтым, ідэнтыфікаваць іх можна толькі па рацыях, слухаўкам, відэарэгістратарах і спецыфічных паводзінах). Супрацоўнікі ў форме міліцыі не праводзілі рэальнага адміністравання і не камунікавалi з арганізатарам адзіночнага пікету.
  4. Перашкодаў у працы незалежных назіральніц і СМІ не зафіксавана.
  5. Масавае мерапрыемства было праведзена ў паведамляльным парадку, у адным з пастаянных месцаў, вызначаных адпаведным рашэннем Мінгарвыканкама. Арганізатар абавязан аплаціць паслугі па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваны сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-ніцамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў/-ніц. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якім назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; каррэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

10 жніўня ўступіў у сілу закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» (або "Закон аб адтэрміноўках"), які змяніў парадак прадастаўлення адтэрміновак пры праходжанні тэрміновай ваеннай службы ў сувязі з атрыманнем адукацыі рознай ступені. Публікацыя закона выклікала шырокі рэзананс у грамадстве, петыцыя за адмену закона набрала больш за 10 тысяч подпісаў. У пачатку жніўня ў сацыяльных сетках і на навінавых сайтах з'явілася інфармацыя аб тым, што актывісты ініцыятывы супраць "Закона аб адтэрміноўках" плануюць правядзенне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку адзіночных пікетаў, па паведамляльным прынцыпе. Неўзабаве з'явілася інфармацыя аб тым, што пададзена не менш як 17 паведамленняў у выканаўчыя органы ўлады ў розных гарадах аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Адначасова з'явілася інфармацыя пра факты ціску на арганізатараў пікетаў з боку адміністрацый навучальных устаноў.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 3 назіральніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Падчас маніторынгу адзначаны наступныя факты:

  1. Адзіночны пікет пачаўся ў 18:00 і працягваўся да 18:15 каля фантана ў Кіеўскім скверы. Назіральніцы праводзілі маніторынг на месцы правядзення з 17:50 да 18:20.
  2. Удзельнік пікету з'яўляўся яго арганізатарам, ён стаяў адзін, трымаў у руках каляровы плакат з надпісам "Быть магистром - хорошо, А танкистом - лучше, Я бы в армию пошёл, Пусть меня научат. #учёбаважнее". На грудзі у яго знаходзілася відэакамера, якую ён выкарыстаў, каб рабіць стрым ў сацсетках.

  3. З 17:52 да 18:20 на паркоўцы каля фантана знаходзілася машына хуткай дапамогі. Супрацоўніца хуткай дапамогі пацвердзіла, што яны абслугоўваюць масавае мерапрыемства. Супрацоўнікаў/-ніц Зелянбуда на месцы масавага мерапрыемства не зафіксавана.
  4. На месцы масавага мерапрыемства знаходзіліся 2 супрацоўніка міліцыі ў форме, яны хадзілі вакол фантана, да ўдзельніка адзіночнага пікету не набліжаліся, у камунікацыю з ім не ўступалі. Супрацоўнікі міліцыі на пытанні назіральніцы растлумачылі, што ажыццяўляюць ахову грамадскага парадку падчас правядзення масавага мерапрыемства. Пры гэтым, яны прысутнічалі на месцы правядзення да 17:50 і не пакінулі яго пасля 18:20. Да, падчас і пасля правядзення адзіночнага пікету на пляцоўцы каля фантана знаходзілася не менш за 5 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, яны мелі пры сабе рацыі і навушнікі. Адзін з іх вёў фота- і відэаздымку на мабільны тэлефон, другі меў на грудзi відэарэгістратар і здымаў усё, што адбываецца, уключаючы мінакоў і дзеянні незалежных назіральніц.

  5. На месцы правядзення масавага мерапрыемства знаходзілася не менш за 15 дзяцей рознага ўзросту, некалькі чалавек выгульвалі сабак. Цікавасць да адзіночнага пікету была невысокая, мінакоў было мала. Тры чалавекі падышлі сфатаграфавацца, арганізатар прапанаваў ім падпісаць петыцыю супраць "Закона аб адтэрміноўках".
  6. Пасля заканчэння пікета яго арганізатар падпісаў акты выкананых работ у супрацоўнікаў хуткай дапамогі і ГУУС Мінгарвыканкама. На пытанні назіральніц ён растлумачыў, што ў яго заключаны 1 дагавор на ўсе заяўленыя адзіночныя пікеты па паведамляльным прынцыпе. Загадзя вядомы толькі кошт паслуг міліцыі - 76,5 рублёў.

Рэкамендацыі:

супрацоўнікам\-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • не спаганяць аплату за свае паслугі пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання.

суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў нацыянальным заканадаўстве для прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў. У тым ліку вывесці з-пад рэгулявання закона "Аб масавых мерапрыемствах" адзіночныя пікеты.

органам выканаўчай улады:

  • садзейнічаць рэалізацыі свабоды сходаў у Беларусі, не ўстанаўліваць празмерных адміністрацыйных працэдур, ўстрымацца ад адвольных абмежаванняў месцаў правядзення мірных сходаў, не патрабаваць аплаты паслуг па ахове правапарадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборцы тэрыторыі пры правядзенні мірных сходаў і выказванні меркавання.

камунальным і медыцынскім службам:

  • не спаганяць аплату за свае паслугі пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання.

Крыніца: Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства 28 жніўня ў Мінску