На афіцыйных сайтах раённых адміністрацый Гарадзеншчыны нарэшце сталі з’яўляцца банеры “Выбары-2019” і на беларускамоўных старонках. Пакуль што не на ўсіх, але ёсць надзея, што такі банер будзе на сто адсотках беларускамоўных старонак раённых сайтаў.

Банеры “Выбары-2019” на беларускамоўных старонках таксама беларускамоўныя. А вось інфармацыя на старонках даецца па-руску. Па меркаванні назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, патрабаванні выбарчага заканадаўства мясцовыя ўлады стараюцца фармальна выканаць, а вось закон аб мовах выконваць не спяшаюцца.

Некалькі дзён таму гарадзенскія праваабаронцы “Вясны” і БХК Андрэй Коця, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель разаслалі электронныя звароты ў раённыя выканкамы Гарадзенскай вобласці. Нагодай для такіх зваротаў стала тое, што на афіцыйных сайтах райвыканкамаў Гарадзеншчыны на іх беларускамоўных версіях увогуле адсутнічала рубрыка “Выбары-2019”. Мажліва, гэтыя звароты паўплывалі на рашэнне ўладаў.

Тым часам Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт адказаў на зварот правабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. Зварот датычыў таго, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы на галоўных дзяржаўных сайтах вобласці. Правабаронцы пісалі, што нават зараз, у час так званай выбарчай кампаніі, калі заканадаўства абавязвае праз гэтыя сайты належна інфармаваць насельніцтва пра ход кампаніі, на беларускамоўных версіях дадзеных сайтаў беларуская мова ігнаруецца.

Адказ дадзены за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму Валерыя Клімовіча. Ён дзякуе за неабыякавасць да дзяржаўных сайтаў і сцвярджае, што ўсё напаўненне афіцыйнага сайту аблвыканкаму адбываецца ў адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі. У тым ліку і раздзел, які датычыць выбараў.

Адказу з Гарадзенскага гарвыканкаму, куды праваабаронцы звярталіся з аналагічным зваротам, пакуль няма. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.

Крыніца: На Гарадзеншчыне выправілі сітуацыю з беларускамоўнымі банерамі "Выбары 2019"