Праваабаронца Павал Левінаў стрымаў сваё слова. Адпраўляючыся на 15 сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня, ён заяўляў, што будзе сядзець ня проста так, а зоймецца вывучэньнем умоваў адбываньня там адміністрацыйнага арышту. І вось надоечы ён разьмясьціў у фэйсбуку дакумэнт пад загалоўкам «Маніторынг умоваў майго ўтрыманьня ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму».
Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", Левінаў знаходзіўся ў ІЧУ з 31 траўня па 14 чэрвеня ў адпаведнасьці з пастановай судзьдзі Кастрычніцкага раёну Віцебску Іны Грабоўскай ад 17 красавіка. Судзьдзя прысудзіла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, што прайшлі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка, хаця, паводле праваабаронцы, ніякіх мерапрыемстваў ён не праводзіў, а толькі як прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага Камітэту займаўся маніторынгам іх правядзеньня.
Уласна, сам «маніторынг» ІЧУ складаецца з 9-ці старонак тэксту, на якіх знайшлося месца ня толькі падрабязнаму апісаньню ўмоваў адседкі, але і пралогу, дзе праваабаронца распавядае, як і за што ён сеў, ды эпілёгу ў вершах. Да свайго «маніторынгу» Павал Левінаў далучыў 5 аркушаў розных дадаткаў, празь якія чытач можа азнаёміцца, напрыклад, з распарадкам дня ў камэры ці з мэню на кожны дзень.
Невядома як, але даведаўся праваабаронца ня толькі пра ўмовы ў камэры № 26 (ён піша, што ўвесь час сядзеў у ёй адзін), але і пра рэчы, якія на ўласныя вочы бачыць ня мог. Так, ён паведамляе, што ў камэры № 30, куды ў якасьці пакараньня зьмяшчаюць парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня, паставілі два мэталёвыя ложкі. Таксама апісаў ён, якім нажом і на якой днушцы рэжуцца прадукты ў перадачах перад выдачай іх вязьням, на якой машыне і ў якіх умовах ажыцьцяўляецца перавозка ежы, хто мые посуд – што гэта можа быць ня толькі кухонны супрацоўнік, але і самі сядзельцы зь ліку асобаў, што чакаюць дэпартацыі. Магчыма, пра ўсё гэта распавёў Паўлу Левінаву начальнік ІЧУ, «адмоваў у асабістым прыёме» якім ён «не атрымліваў».
«Знаходжаньне цягам 15-ці сутак у памяшканьні, дзе сьцены ў «шубе», дзе ўнітаз не абгароджаны, ня мае зьліўнога бачка, сядзеньня і крышкі, дзе ня маецца вэнтыляцыі, дзе пастаянна стаіць пах фэкаліяў і мачы, дзе кругласутачна гарыць яркае асьвятленьне, дзе немагчыма адключыць радыёкропку, дзе заядаюць кузуркі, дзе ежа не адпавядае санітарным нормам, раздаецца асобамі, якія ня маюць санітарнай кніжкі, дастаўляецца з парушэньнем элемэнтарных санітарных нормаў, дзе няма магчымасьці прыняць душ раз на сем дзён, ёсьць ня што іншае, як жорсткае нялюдзкае абыходжаньне паводле сэнсу артыкулу 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох», – такую выснову пра ўмовы адбываньня пакараньня ў ІЧУ зрабіў Павал Левінаў.
Крыніца: Павал Левінаў апублікаваў вынікі свайго «маніторынгу» ўмоваў адбыцьця арышту