Андрэй Палуда. Фота: ПЦ "Вясна". 27 жніўня ў Мінску прайшла канферэнцыя "Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Беларусі". Падзея арганізавана Саветам Еўропы і працоўнай групай Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання.

На мерапрыемстве прысутнічаў і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

“Канферэнцыя была чарговай, яна не стала нейкім прарывам”, — лічыць праваабаронца.

Савет Еўропы імкнецца звярнуць увагу да працы над грамадскім меркаваннем беларусаў наконт адмены смяротнага пакарання. Таму што і самі беларускія ўлады  абапіраюцца на грамадскае меркаванне ў гэтым пытанні. Гэта было прадэманстравана яшчэ 28 лютага 2019 года на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Брусэлі, дзе Андрэй Наўмовіч даў зразумець, што ўлады будуць чакаць, калі праціўнікаў смяротнага пакарання стане больш. А пакуль грамадская думка не дайшла да гэтай кропкі, то і пытанне адмены гэтага віда пакарання яшчэ можна не ставіць на павестку.

Але і самі улады могуць адмяніць смяротнае пакаранне “за 5 хвілін” (як выказалася прадстаўніца Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права Савета Еўропы Таццяна Тэрмачыч падчас канферэнцыі).

Тады чаму яны гэтага не робяць?

Андрэю Палудзе цяжка адказаць на гэтае пытанне:

“Я думаю, што тут мікс рознага кшталту прычынаў — гэта і палітычныя, і псіхалагічныя…”

Аргументам за існаване смяротнага пакарання для беларускіх уладаў з’яўляецца рашэнне рэферэндума 96 года, дзе большасць прагаласавала супраць яго адмены.  Але варта адзначыць, што насамрэч рэферэндум не насіў абавязковы характар, а з’яўляўся толькі вывучэннем пытання стаўлення грамадскасці да гэтай тэмы.

“Я шмат кажу пра тое, што пытанне смяротнага пакарання не вырашаецца на рэферэндуме. Як і шмат іншых пытанняў. Напрыклад, як было з павышэннем пенсійнага ўзросту. Хаця па даследаваннях 2017 года больш за 70% людзей выказалася супраць гэтага, тым не менш павышэнне адбылося. Бо інакш фонд сацыяльнага забяспячэння лопнуў бы. З гэтай прычыны і было прынята такое рашэнне без аглядкі на меркаванне грамадзян. Таму з аднаго боку, нельга пастаянна стрэсваць пыл з гэтага вельмі старога рэферэндума 96 года і заўсёды вяртацца да яго, а з іншага — увогуле не варта падымаць на новым рэферэндуме пытанне смяротнага пакарання, бо яно вельмі эмацыйнае”, — адзначыў праваабаронца.

Калі звярнуцца да гістарычнай практыкі, сапраўды па вялікаму рахунку ўся Еўропа адмовілася ад смяротнага пакарання не праз рэферэндум. Напрыклад у Францыі пасля адмены гільяціны колькасць людзей, якія падтрымліваюць смяротнае пакаранне, пачала змяншацца.

“Меркаванне людзей ішло за дзеяннямі палітычных элітаў, якія не пабаяліся ўзяць на сябе такія рашэнні”, — дадаў Андрэй Палуда.

Тым часам у Савет Еўропы не можа трапіць краіна, у якой прымяняецца смяротнае пакаранне.

Крыніца: Андрэй Палуда: "Канферэнцыя па смяротнаму пакаранню не стала нейкім прарывам"