Калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда паставіць сёння кропку ў рэзананснай справе “чорных рыэлтараў”.
Пачынаючы з 2009 па 2015 год устойлівая злачынная група займалася афёрамі з чужой нерухомасцю, забіваючы уладальнікаў кватэр. Следствам устаноўлена датычнасць “чорных рыэлтараў” да забойства шасці чалавек.
Яны рыхтаваліся забіць яшчэ некалькі чалавек і нават падрыхтавалі некалькі магіл, каб схаваць іх целы, аднак супрацоўнікам міліцыі ўдалося вылічыць забойцаў.
Працэдура афармлення продажу кватэры праходзіла практычна ў законным парадку. А далей «чорныя рыэлтары» пад рознымі падставамі падманам зацягвалі ахвяр у бязлюдныя месцы, дзе забівалі іх а целы закопвалі на могілках.
Усяго па справе праходзіла 4 чалавекі. Гэта 36-гадовы Ігар Гершанкоў, 31-гадовы Сямён Беражноў, жонка Гершанкова Таццяна і Барыс Калеснікаў, якому 22 гады.
Старэйшы пракурор аддзела Магілёўскай абласной пракуратуры Аляксандр Раманаў, які прадстаўляў у працэсе бок абвінавачвання запрасіў для першых двух вышэйшую меру пакарання – растрэл, Таццяне 24 гады турмы і Калеснікаву – 22 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Магчыма, што суд у Магілёве пагодзіцца з меркаваннем абвінавачвання і вынесе два смяротныя прысуды
Гэты судовы працэс распачаўся яшчэ ў лістападзе 2016 года. Па справе праходзіла амаль 400 сведак.
Усіх чатырох абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойства, выкраданне чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж, знішчэнне і падробка дакументаў. Гершанкова з жонкай дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Ад пачатку года ў Беларусі адзін смяротны прысуд прыведзены ў выкананне. Быў растраляны жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў. Жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі чакаюць сваёй чаргі.
Крыніца: Справа “чорных рыэлтараў”: сёння суд можа вынесці смяротнае пакаранне