Намеснік пракурора г. Магілёва Е. Фурманаў перанакіраваў скаргу Людмілы Кучура па факце прычынення яе мужу Пятру цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі адміністрацыі ПК №15 начальніку Магілёўскага міжраённага аддзела СК Д. Шуміну для праверкі довадаў заяўніцы.
У сваім адказе пракуратура таксама паведамляе, што ў цяперашні час па заяве самога асуджанага Пятра Кучуры праводзіцца дадатковая праверка, а пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў калоніі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў была адмененая 15 жніўня начальнікам Магілёўскага МАСК Д. Шуміным.
Нагадаем, яшчэ 21 сакавіка Пётр Кучура падаў апеляцыйную скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе зняволены абскарджваў вынесеныя яму адміністрацыяй ПК №15 спагнанні. Да яе прыклаў квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны. Аднак скаргу не выпусцілі з калоніі, а самога асуджанага змясцілі ў ШІЗА на наступны дзень.
Па словах Людмілы Кучура, 22 сакавіка сам начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка нанёс пяць удараў Пятру Кучуру, а пазней прапанаваў яму паперу і ручку, каб асуджаны напісаў заяву, што "не мае ніякіх прэтэнзій да адміністрацыі калоніі". Пётр Кучура адмовіўся.
3 красавіка ён звярнуўся ва Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка калоніі за перавышэнне ім службовых паўнамоцтваў (арт. 424 КК). Пасля гэтага ў калонію прыязджала тры розных следчых, якія праводзілі праверку, апытвалі Пятра Кучуру, а праз некаторы час давалі адказ, што парушэнняў з боку адміністрацыі калоніі не выяўлена.
Сама Людміла Кучура таксама звярнулася ў Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксей Лазарэнкі па арт. 424 Крымінальнага кодэкса – “Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”.
У канцы ліпеня Пятра Кучуру перавялі на турэмны рэжым.
Спецдакладчык ААН па катаваннях апавешчаны пра сітуацыю з Пятром Кучурам
Крыніца: Па скарзе на прычыненне цялесных пашкоджанняў Пятру Кучуры праводзіцца дадатковая праверка