Фота: ПЦ "Вясна". Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая бібліятэка” разам з Галерэяй “Ў” правёў “Шчырыя размовы пра інклюзію”.

У адрозненні ад звычайных “Жывых бібліятэк”, дзе падчас гутаркі ў невялікіх колах героі, якіх называюць “кнігамі”, прадстаўляюць  і разбураюць існуючыя ў дачыненні да іх стэрэатыпы, “Шчырыя размовы” больш тэматычныя. Так, адна з апошніх размоў была прысвечаная тэме інклюзіі, кажа валанцёрка Ксюша:

“Так атрымоўваецца, што наконт гэтых людзей існуюць нейкія стыгмы, і таму яны сутыкаюцца з пэўнымі перашкодамі ў жыцці. Прычым гэта шырокае разуменне слова інклюзія: гэта не толькі пандусы на ўваходзе, але і камунікацыя, псіхалагічная атмасфера, бар’еры з боку грамадства”.

Валанцёркі
Валанцёркі "Жывой бібліятэкі" Люба і Ксюша. Фота: ПЦ "Вясна"

Мерапрыемства наведала прадстаўніца  ПЦ “Вясна”, каб пазнаёміцца з героямі. Гісторыі некаторых з іх – у гэтым артыкуле. Досвед гэтых людзей быў прааналізаваны ў праваабарончай плоскасці, таму ў канцы кожнай гісторыі – спасылка на тыя правы, якія былі парушаны альбо працягваюць парушацца пры жыцці герояў.

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

Надзея, “Падарожніца з інваліднасцю па зроку”

Негледзячы на фізічныя асаблівасці, Надзея ўжо наведала каля 40 розных краін. Але з перашкодамі паспела сутыкнуцца і ў родным грамадстве. Спачатку Надзея навучалася ў спецшколе, дзе ёй не падабалася:

“Таму я вырашыла пакінуць гэтае месца. Але МРЭК [заўв: Медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія] мне даў толькі дзве спецыяльнасці, на якія я магу паступаць пасля дзевяці класаў: гэта юрыспрудэнцыя і выкладчык дашкольнай адукацыі. Я абрала першы варыянт. Але калі пасля сканчэння каледжу я вырашыла прадоўжыць сваё навучанне ў вышэйшай установе, той жа МРЭК адказаў, што не можа даць дазвол на вывучэнне юрыспрудэнцыі надалей, таму што не існуюць абмежаванні па зроку. Магчыма, у іх засталіся старадаўнія інструкцыі з савецкага часу, якія калі дазваляюць вывучацца на сярэдняй адукацыі, то на вышэйшай ужо не”.

Таму Надзеі прыйшлося абіраць з таго, што дазваляў МРЭК, а гэта – толькі педагагічныя спецыяльнасці. У выніку яна спынілася на вывучэнні філасофіі.

Якія правы парушаюцца: права на адукацыю

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

Ксенія і Ірына, "Маці малых з сіндромам Даўна"

Самая заўважная перашкода, з якімі сутыкаліся такія дзеці, гэта праблемы сацыялізацыі ў школе:

"У агульнаадукацыйны клас баяцца прыняць. Не даюць магчымасці паспрабаваць дзецям атрымліваць адукацыю з інтэграцыяй, без аддзялення ў асобныя групы. [Міністэрствы] аховы здароўя і адукацыі не могуць прыйсці да сумеснага вырашэння, як выйсці з гэтай сітуацыі і пусціць у грамадства такіх дзяцей у якасці паўнавартаснага яго члена", – кажа адна з маці Ксенія.

Мамы сутыкаюцца і з пастаяннымі стэрэатыпамі, галоўныя з якіх: "дзеці з сіндромам Даўна ненавучальныя", яны "не жывуць доўга". Усё гэта няпраўда, упэўненыя мамы: "нашы дзеці ўвесь час пад прыцэлам і таму ў адносінах да іх такая статыстыка".

Ксенія і Ірына – актыўныя ўдзельнікі арганізацыі "Даун Сіндром. Інклюзія ".

Якія правы парушаюцца: права на адукацыю, права на свабоду ад дыскрымінацыі

Фота: ПЦ

Крысціна, "Дыябет 1 тыпу (інсуліназалежны")

Галоўны стэрэатып, з якім сутыкаецца Крысціна, “дыябет – гэта расплата за любоў да салодкага і залішнюю вагу”. Але трэба разумець, што ёсць два тыпы дыябету, і калі другі тып узнікае з-за няправільнага ладу жыцця і харчавання, то пры першым тыпе падстраўнікавая залоза перастае выпрацоўваць інсулін і таму запускае механізм самазнішчэння. Таму трэба ўсё жыццё штучна ўводзіць інсулін.

Гэта прыводзіць да другога стэрэатыпу: “дзяржава бясплатна забяспечвае дыябетыкаў усім неабходным”. Крысціна з гэтым не згодна:

“Падтрымку ад дяржавы атрымліваюць толькі дзеці, цяжарныя і людзі, у якіх у выніку дыябету з’явілася інваліднасць. А астатнія людзі з дыябетам набываюць усё самі. І дыябет – гэта хвароба вельмі дарагая. Многія неабходныя сучасныя метады падтрымання жыцця з дыябетам у Беларусі недаступныя. Напрыклад, сістэмы маніторынгу глюкозы ў крыві ў нас недаступныя, таму прыходзіцца ўвозіць яго з-за мяжы. Таксама інсулінавыя помпы адсутнічаюць у продажы, а ў краіне няма эндакрынолагаў, якія ўмеюць іх ставіць. Акрамя таго, дзяржава выдае бясплатна толькі 2-3 тэст-палоскі ў дзень, а насамрэч неабходна не менш за 8”.

З забабонамі з боку грамадства сустракаюцца і дзеці. “Як яны будуць знаходзіцца ў калектыве з шпрыцамі і іголкамі? Ён жа ўсіх заразіць!” Таму многія імкнуцца такіх дзяцей не браць у садкі і школы, а санаторыі часта ў сваіх правілах пішуць, што яны не прымаюць дзяцей з дыябетам.

З боку звычайных грамадзян таксама ёсць пэўныя стэрэатыпы. Так, у чалавека з дыябетам можа нечакана распачацца гіпаглекімія [заўв: паталагічны стан, які характарызуецца зніжэннем канцэнтрацыі глюкозы ў крыві, у прастанароддзі – “гіпа”], і таму яму хутка трэба з’есці штосьці з вугляводам (напрыклад, цукерку). Але стан гіпаглекіміі вельмі падобны на алкагольнае ап’яненне. І здараліся такія выпадкі, калі да чалавека ў “гіпа” не падыходзілі мінакі і не выклікалі хуткую, бо мяркавалі, што ён п’яны. З такой сітуацыяй сутыкалася і сама Крысціна.

“І практычна без шанцаў, калі які-небудзь мужчына едзе з працы з заводу, трапляе ў “гіпа”  – у яго заплятаецца язык, дрыжаць рукі, ён падае. Выклікаюць міліцыю. Пакуль яна разбіраецца, часцей за ўсё дыябетыкі паміраюць”.

Якія правы парушаюцца: права на вышэйшы дасягальны ўзровень здароўя

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

Насця, "Жыццё з псіхіятрычным дыягназам у Беларусі»

Людзі з такімі дыягназамі сутыкаюцца са шматлікімі цяжкасцямі ў сваім працоўным жыцці. У якасці аднаго з прыкладу Насця прыводзіць гісторыю адной жанчыны, пра дыягназ якой даведаліся на яе месцы працы. Як прычына - яна тут жа стала ізгоем.

"Вядома, ніхто не можа звольніць з працы чалавека з тым жа БАР [заўв: біпалярнае афектыўнае растройства], аднак яны лёгка могуць зрабіць так, каб чалавек сыйшоў сам. А калі людзі ляжалі ў «Навінках» [заўв: назва ў прастанароддзі для РНПЦ псіхічнага здароўя, што знаходзіцца ў мікрараёне Навінкі горада Мінска], то гэтага вельмі баяцца. І калі ў людзей ёсць грошы, яны робяць падробленыя бальнічныя лісты, бо там ставіцца друк ўстановы, дзе ты ляжаў".

Сама Насця таксама праходзіла лячэнне ў «Навінках». Дзяўчына падкрэслівае, што сутыкнулася там са шматлікімі парушэннямі правоў чалавека.

"Гэта закрытая ўстанова (акрамя двух аддзяленняў). Чалавеку могуць абмежаваць выхад (нават на шпацыр), забраць мабільны тэлефон, абмежаваць наведванне і не пускаць да яго нават сваякоў. Сітуацыя пагаршаецца, калі чалавек патрапіў у бальніцу недабраахвотна. З гэтымі людзьмі абыходзяцца як з рэчамі: ім не кажуць іх дыягназы, якія прэпараты ім даюць і навошта. Калі чалавек не хоча іх прымаць, яго прывяжуць да ложка і зробяць ўкол. Нейралептыкі колюць і для таго, каб проста супакоіць чалавека – напрыклад калі ён плача або перашкаджае камусьці (нават не знаходзячыся ў стане вострага псіхозу)".

У бальніцы Насця стала сведкай усіх формаў гвалту: псіхалагічнага, фізічнага і сэксуальнага. Акрамя таго, у РНПЦ псіхічнага здароўя выкарыстоўваецца прымусовая праца.

"Персаналам яна называецца "працатэрапія". Гэта, вядома ж, няправільнае разуменне: рэабілітацыя пасродкам працы адбываецца пры садзейнічанні сацыяльнага работніка, калі чалавек залучаецца ў нейкую дзейнасць (такую ​​як вышыванне, збіранне пазлаў ды інш.). У "Навінках" жа пацыенты проста выконваюць усю працу за малодшы медыцынскі персанал (напрыклад, мыццё падлогі). Робяць яны гэта часта для атрымання нейкіх выгад, такіх як шклянка кіпеню для таго, каб заварыць сабе кавы"

Якія правы парушаюцца: права на свабоду ад катаванняў і бесчалавечнага, або зневажальнага годнасць абыходжання або пакарання; права на доступ да інфармацыі

Крыніца: "Людзі – больш, чым стэрэатыпы" і крыху аб правах чалавека Фота