Віцебскі абласны суд 4 верасня разгледзеў скаргу Партыі БНФ на неўключэнне старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанціна Смолікава ў склад Віцебскай абласной камісіі і сябраў Партыі Тамары Карыза і Хрыстафора Жаляпава – ў акруговыя.
Працэс вяла суддзя Наталля Лях. Адказчыкамі выступалі два прадстаўніка ад Віцебскага аблвыканкама.
Як паведаміла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Трацьякова, судовае паседжанне праводзілася на беларускай мове нават без хадайніцтва аб гэтым з боку заяўнікоў, толькі прадстаўнікі аблвыканкама казалі па-руску.
Канстанцін Смолікаў адзначыў, што адказчыкі ўсялякімі шляхамі адмаўлялі перадузятае стаўленне да партыйцаў, спасылаліся на тое, што колькасць членаў камісіі абмежаваная і ўсіх уключыць немагчыма. Таксама ён падкрэсліў, што ў абласную камісію вылучаўся і быў абраны прадстаўнік Камуністычнай партыі, які адначасова быў і сябрам Прэзідыума, а значыць галасаваў сам за сябе. Аднак суд не надаў увагі гэтаму факту.
Пасля перапынку, у 17.45 было абвешчана судовае рашэнне – у задавальненні скаргі заяўніку адмовіць.
Нагадаем, у Віцебскай вобласці прадстаўнікі Партыі БНФ Уладзімір Малахоўскі і Галіна Магучая, якія былі вылучаныя партыйным вылучэннем, уключаныя ў склад двух з 14 акруговых камісій.
Ячшэ двум вылучэнцам Грамадзкага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і тром з пяці вылучаных прадстаўнікоў Партыі БНФ было адмоўлена ва ўключэннні.
Усяго ў склад 14 акруговых камісій па Віцебскай вобласці ўваходзіць 182 члены.
У параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі павялічылась колькасць жанчын – было 103, а ў гэтым годзе 112 чалавек.
Значна скарацілася колькасць членаў, вылучаных ад працоўных калектываў, з 13 чалавек на папярэдніх выбарах да 3 – на гэтых. Пры гэтым колькасць ад грамадскіх аб’яднанняў павялічылася на 29 чалавек, а колькасць членаў ад прафесійных саюзаў – з 29 да 39 чалавек.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Віцебскі абласны суд палічыў неўключэнне сябраў Партыі БНФ ў выбарчыя камісіі абгрунтаваным