На думку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і рухаў, улады сфармавалі абласную і выбарчыя акруговыя камісіі з парушэннямі.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель паведаміў пра тое, што большасць зарэгістраваных партый і палітычных рухаў абскардзяць неўключэнне сваіх сябраў у склады Магілёўскай абласной выбарчай камісіі і акруговыя выбарчыя камісіі.
Вядома, што скаргі ў Магілёўскі абласны суд ужо накіраваў цэнтральны офіс АГП. Прадстаўніком на працэсе будзе старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі Уладзімір Шанцаў.
Таксама скаргу ў суд будзе падаваць прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Абскардзіць неўключэнне сваіх сябраў у склад магілёўскіх выбаркамаў будзе «Рух за Свабоду».
У астатніх рухах і партыях, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя выбарчыя камісіі, пакуль вагаюцца з рашэннем. Тэрмін падачы скаргаў на сумеснае рашэнне прэзідыумаў абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага аблвыканкама мінае 5 верасня.
Адзначым, што Магілёўская вобласць стала адзінай, дзе ў склад абласной і акруговых выбарчых камісій не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Магілёўская апазіцыя абскарджвае ў судзе фарміраванне выбарчых камісій