6 верасня ў 10.00 у Мінскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд скаргі Партыі БНФ на неўключэнне яе сябраў у склад акруговых выбарчых камісій па Мінску.
Працэс вядзе суддзя Іна Яблакава, якая адразу пачала казаць па-беларуску. Партыю БНФ прадстаўляе юрыст Юры Чавусаў. З боку адказчыка - прадстаўніца Мінгарвыканкама Ірына Янушэвіч.
Юрый Чавусаў хадайнічаў аб тым, каб паглядзець само рашэнне па ўключэнні і неўключэнні грамадзянаў у акруговыя камісіі. Суддзя хадайніцтва задавальняе. Абвяшчаецца перапынак на 30 хвілін, каб прадстаўнік Партыі БНФ змог азнаёміцца з дакументамі.
У справе налічваецца 200 старонак.
Пасля перапынку суддзя зачытвае скаргу заяўніка. У Купалаўскай акрузе ў Мінску ад Партыі БНФ быў вылучаны Аляксандр Жучкоў, ён меў добрыя характарыстыкі, аднак 2 верасня на пасяджэнні па фармаванні камісіі яму было адмоўлена ва ўключэнні. Партыя БНФ лічыць, што рашэнне незаконнае. У скарзе адзначаецца, што дакументы былі аформленыя бездакорна, рашэнне Прэзідыума Мінскага гарадскога савета - незаконнае і парушаючае правы заяўніка. Партыя БНФ просіць адмяніць гэтае рашэнне і прыняць новае, якое прадугледжвае ўключэнне Аляксандра Жучкова ў склад камісіі.
Юры Чавусаў падтрымлівае скаргу і дадае, што паколькі суды ніколі не задавальняюць падобныя скаргі на неўключэнне, то гэты суд – гэта проста спосаб вывучыць, на якой жа падставе прымаюцца такія рашэнні. Юрыст Партыі БНФ падкрэсліў, што Жучкоў быў раней сябрам Прэзідыума, быў у складзе Савета па правах чалавека (які зараз не існуе), што сімвалічна. Як вынікае з дакументаў, было вылучана 19 чалавек, з якіх у камісію мусіла ўвайсці 13. Чавусаў лічыць, што частка асобаў увайшлі туда незаконна і прыводзіць адпаведныя прыклады.
Так, Вадзім Барысюк вылучаўся ад грамадскага аб'яднання БРСМ, пры гэтым ён з'яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі.
"Ад камуністаў, такім чынам, у камісію трапіла два чалавекі, ад БНФ – ніводнага", - падкрэсліў у судзе Юры Чавусаў.
Беларускі фонд міру пры вылучэнні свайго прадстаўніка аформіў дакументы з памылкамі і на лісце нават пячаткі не было. Аднак іх прадстаўнік таксама трапіў у камісію. Беларускі саюз ветэранаў прадставіў дакумент, які не быў падпісаны. Юрыст Партыі БНФ зафіксаваў тры віды парушэнняў: адні прадстаўляюць толькі выпіску, а не рашэнне; другія – прадстаўляюць выпіску з подпісам сакратара, а не кіраўніка, а трэція – прадстаўляюць дакументы без пячаткі.
Атрымоўваецца, што як мінімум пяць асобаў сталі сябрамі камісіі з парушэннем закона. Здавалася б, гэтыя абставіны мусяць быць абмеркаваныя і ўлічаныя пры прыняцці рашэнняў, але гэтага не было зроблена.
Далей Юры Чавусаў прыводзіць аргумент па характарыстыках вылучэнцаў, якія таксама выклікаюць пытанні. Зноў прыводзіць прыклад Вадзіма Барысюка, пры абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў якога замаўчалі факт таго, што ён камуніст.
"Скарга, якая сёння разглядаецца, мае вялікае палітычнае рашэнне. Як можна давяраць вынікам выбараў увогуле, калі не могуць законным чынам сфармаваць камісіі?" - запытваецца Юры Чавусаў.
Ён просіць рашэнне Прэзідыума адмяніць і прыняць новае рашэнне па ўключэнні сябра БНФ у акруговую камісію.
Прадстаўніца Мінгарвыканкама Ірына Янушэвіч кажа, што сам працэс фарміравання адпавядае ўсім патрабаванням Выбарчага кодэкса, распавядае, што спосаб абрання ў склад камісіі праходзіў па законе і з выкананнем усіх правілаў. Лічыць, што працэдура галасавання па кандыдатурах была выкананая. Яна таксама не бачыць парушэнняў у тым, што былі прадстаўленыя выпіскі замест арыгіналаў пратаколаў і што выпіскі былі падпісаныя сакратарамі, а не старшынямі арганізацый, якія вылучалі сваіх кандыдатаў у камісіі.
Юры Чавусаў задае пытанні Ірыне Янушэвіч:
– На паседжанні абмяркоўваліся не толькі тыя звесткі пра людзей, якія ёсць ў пратаколах вылучэння, але і іншыя звесткі. Адкуль узяліся гэтыя звесткі?
– Пасля таго, як паступалі пратаколы аб кандыдатах, частка зацікаўленых [праўладных - прым. рэд.] прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў паведамлялі дадатковую інфармацыю. Некаторыя званілі, некаторыя – у пісьмовай форме. Гэтыя дадатковыя звесткі ўплывалі на прыняццё рашэнняў.
– То бок фактычна можна было патэлефанаваць у выканкам і распавесці, які наш кандыдат добры?
– Так.
– Чаму не ўключаны ні адзін прадстаўнік, рашэнне па вылучэнню якіх прымалася на беларускай мове?
– Не ведаю.
Чавусаў прыводзіць прыклад, што ад ГА БНФ "Адраджэнне" вылучаўся Алесь Талстыка, і калі прымалі рашэнне па ім, яго прозвішча пераклалі як “Толстик” і галасаванне праводзілася менавіта па гэтым прозвішчы. Янушэвіч не бачыць у гэтым ніякіх праблем.
Юры Чавусаў падчас спрэчак бакоў адзначыў, што ацэнкі яго доказаў толькі пацвярджаюцца матэрыяламі справы: у склад камісіі ўключаныя асобы, якія па законе не маюць права там быць. Ён лічыць, што вельмі важна, каб падчас фарміравання камісій там абавязкова прысутнічалі беларускамоўныя людзі, каб пазбегнуць памылак, як з Алесем Талстыкам. Падкрэслівае, што было парушанае права Партыі БНФ на ўдзел у выбарчым працэсе, і просіць суд вынесці прыватнае вызначэнне пра неадпаведнасць практыкі фарміравання выбарчых камісій заканадаўству і недапушчальнасць парушэнння арт. 35 ВК на адрас Мінгарвыканкама і Мінскага Савету дэпутатаў.
Ірына Янушэвіч лічыць, што ўсё нормы пры фарміраванні камісіі былі поўнасцю выкананыя.
Пракурор кажа, што скарга заяўніка не падлягае задавальненню, а ўся працэдура была выканана па законе.
Суддзя аб'явіла перапынак для прыняцця рашэння.
Нагадаем, 5 верасня Мінскі абласны суд разглядаў скаргу партыі Беларускі народны фронт на неўключэнне ў Заслаўскую выбарчую камісію №77 сябра БНФ Юрыя Чавусава. У судовым паседжанні ўдзельнічалі прадстаўнікі Мінаблвыканкама і Мінскай рады дэпутатаў, а таксама пракурор. У задавальненні скаргі адмоўлена.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Партыя БНФ зноў у судзе. Ці задаволіць Мінгарсуд скаргу партыйцаў? Дапоўнена