Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка правёў параўнальны аналіз складу выбарчай камісіі Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі №35 з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2016 года.
Паводле яго назірання з 13 сяброў акруговага выбаркама 7 чалавек раней працавалі ў гэтай жа камісіі, што складае больш за 50% ад агульнага складу. Старшыня і сакратар з'яўляюцца дзяржслужачымі, намеснік старшыні камісіі працуе дырэктарам школы, паведамляе "Гомельская вясна".
Тры з чатырох прадстаўнікоў палітычных партый прадстаўленыя ў акрузе паўторна, грамадскія аб'яднанні паўторна прадстаўлены БРСМ і “ветэранамі”. Прадстаўнік ГА “Беларускі саюз жанчын” увайшоў у склад камісіі першы раз. Дзеючы дэпутат акругі пакуль свайго намеру вылучацца на паўторны тэрмін не выяўляе.
Старшыня акруговай камісіі №35 Ала Андрушчанка на выбарах 2016 года таксама кіравала выбарчай камісіяй. У склад камісіі вылучаецца ад грамадзян. У міжвыбарны перыяд чыноўніца працуе начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.
Намеснік старшыні камісіі Сяргей Камыш вылучаны ад РГА “Белая Русь”, на мінулых выбарах вылучаўся ад працоўнага калектыву ДУА “Сярэдняя школа №39 Гомеля”, дырэктарам якой ён і з'яўляецца.
Незалежны назіральнік адзначыў, што на мінулых выбарах намеснікам старшыні камісіі тут з'яўляўся вылучэнец ад грамадзян Андрэй Сяргеенка. У гэтым годзе 40-ка гадовы мужчына прызначаны гендырэктарам РУП “Гомельаблгаз”, што, па ўсёй верагоднасці, і паслужыла яго выбыцця з выбаркама.
Высунутая прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі сакратар камісіі Наталля Шапарова на мінулых выбарах таксама з'яўлялася сакратаром і вылучалася па прафсаюзнай лініі. Яна працуе ў раённым аддзеле адукацыі.
Чатыры члена камісіі прадстаўлены палітычнымі партыямі, прычым тры з іх ўваходзілі ў камісію і на мінулых выбарах. Камуністычную партыю прадстаўляе Ларыса Вайтовіч, Сацыял-дэмакратычную партыю Народнай Згоды Сяргей Марцюхін, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці Лідзія Свердлікава. Прадстаўнік дэмакратычнай партыі - Беларускай партыяй левых Справядлівы свет уключаны ў камісію першы раз, яе прадстаўляе Васіль Краўчук.
Таксама, як і на мінулых выбарах грамадскія арганізацыі ў акруговым выбаркаме прадстаўлены БРСМ - Сяргей Куцапаленка і Беларускім ГА ветэранаў, якое прадстаўляе Вольга Васільева. Прадстаўнік ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Скварцова ўвайшла ў склад камісіі першы раз.
Першы раз у склад акруговай камісіі №35 ад грамадзян выбраны Алена Даўгяла, Аксана Касмінская і Наталля Сачыловіч.
І хоць месцы працы сяброў сфармаванага выбаркама не публікуюцца, назіральнік Леанід Судаленка лічыць сябраў камісіі залежнымі ад улады, нават калі яны вылучаюцца ад грамадзян, як гэта робіць старшыня камісіі або ад партый і аб'яднанняў.
Назіральнік таксама адзначыў, што дзеючым дэпутатам у раёне назірання з'яўляецца 38-гадовы Дзмітрый Гурскі, які да абрання працаваў намеснікам гендырэктара домабудаўнічага камбіната. Ці будзе ён паўторна вылучаць сваю кандыдатуру ў акрузе пакуль невядома. На дадзены момант у акрузе зарэгістравалі ініцыятыўныя групы беспартыйныя 32-гадовы Фёдар Бусел ды 45-гадовы Андрэй Пуканаў. На выбарах 2016 года ў раёне назірання вылучаліся чатыры кандыдатуры.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.