Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд глыбока занепакоены вынясеннем двух новых смяротных прысудаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, распаўсюджанай прэс-службай Савета Еўропы, піша БелаПАН.
«Я ізноў выказваю нашае расчараванне і смутак з нагоды таго, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую нечалавечую і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, - сказаў Торб'ёрн Ягланд. - Пакаранне смерцю застаецца асноўнай перашкодай для далучэння Беларусі да Савета Еўропы. Я заклікаю ўлады Беларусі тэрмінова ўстанавіць мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання ў якасці першага кроку да яе поўнай забароны».
Ягланд таксама заклікаў улады змякчыць ўжо вынесеныя смяротныя прысуды.
- Мая Качыянчыч. Фота: tiranatimes.com
Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што Еўрасаюз выступае катэгарычна супраць прымянення смяротнага пакарання. У заяве, размешчанай на сайце ЕСЗД, яна падкрэсліла, што прымяненне смяротнага пакарання ідзе насуперак заяўленай гатоўнасці Беларусі супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю.
«Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё і з'яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць пакараннем, - сказала Качыянчыч. - Еўрасаюз працягвае падымаць гэтыя пытанні з беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўчорашнім дыялогу па правах чалавека ў Бруселі».
Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня прыгаварыў да смяротнага пакарання двух з чатырох фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» - Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Яшчэ два фігуранты асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення: Таццяна Гершанкова - на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці; Барыс Калеснікаў - на 22 гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Крыніца: Генсакратар Савета Еўропы і ЕС заклікалі Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне