У лістападзе ў Беларусі пройдуць чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Савет Рэспублікі. Напярэдадні выбарчай кампаніі Беларуская асацыяцыя журналістаў аднавіла рубрыку "СМІ і выбары", дзе будзе размяшчаць самыя актуальныя навіны і парады.
Першае, пра што хоча нагадаць БАЖ, гэта этычныя стандарты для журналістаў - Міжнародныя стандарты асвятлення выбараў у СМІ.
Чаму патрэбныя этычныя нормы і самарэгуляванне?
Ёсць некалькі важных прычын, па якіх СМІ павінны ўсталёўваць прынцыпы прафесійнай этыкі і прытрымлівацца іх. Вось дзве з іх:
- СМІ валодаюць велізарнай уладай над грамадствам дзякуючы сваёй здольнасці фармаваць грамадзкую думку. СМІ павінны выкарыстоўваць гэта права з адказнасцю.
- Увядзенне сваіх уласных этычных норм і працэдур іх выканання азначае рэалізацыю свабоды выказвання вашых перакананняў на практыцы як свабоды прымаць уласныя рашэнні ў гэтай сферы. Гэта можа абараніць вас ад накладзеных зверху абмежаванняў і дапаможа засцерагчыся ад неправамоцных абвінавачванняў і нападак.
Што такое этыка?
Этыка - гэта асабістая прыхільнасць і здольнасць да адказнага меркавання пры любых абставінах, нават найбольш складаных і незвычайных. Рэгулюючыя правілы і кодэксы паводзінаў дапамагаюць утрымліваць такую здольнасць, але для гэтага патрабуецца актыўны ўклад кожнага журналіста і кожнага сродку масавай інфармацыі ў фарміраванне этычных стандартаў.
Прынцыпы асвятлення выбараў павінны грунтавацца на агульных этычных прынцыпах журналістыкі, як яны сфармуляваны ў шматлікіх кодэксах паводзінаў ва ўсім свеце. Адным з найбольш аўтарытэтных кодэкса з'яўляецца Дэкларацыя прынцыпаў паводзінаў журналістаў Міжнароднай федэрацыі журналістаў (Кодэкс паводзінаў МФЖ).
Большасць кодэксаў абавязваюць журналістаў:
- паважаць праўду і распаўсюджваць дакладную інфармацыю;
- устрымлівацца ад фальшавання інфармацыі;
- выкарыстоўваць сумленныя метады здабывання інфармацыі;
- паважаць канфідэнцыяльнасць крыніц;
- пазбягаць дыскрымінацыі;
- пазбягаць зламыснага прадстаўлення якіх-небудзь асоб і аб'яднанняў у негатыўным святле, паклёпу і хабарніцтва.
Крыніца: БАЖ абнавіў рубрыку "СМІ і выбары"