У нядзелю восьмага верасня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу "Руху "За Свабоду" на неўключэнне ў тэрытарыяльную і акруговыя АВК па Віцебскай вобласці.
Дзверы ў будынак суда былі зачыненыя на ключ, бо гэта была нядзеля. Дзяжурная адкрывала кожнаму, хто патэлефанаваў у званок. Старшынствуючы па справе суддзя Быстроў В.У. вёў працэс на добрай беларускай мове. Сакратар размаўляла на рускай. Пракурор старалася выкарыстоўваць беларускую мову, але атрымлівалася дрэнна. "Меркаванне пракурора" было пераведзена загадзя на беларускую мову і зачытвалася з паперы.
Мясцовыя ўлады на судзе прадстаўлялі Бутарава А.В. і Чарыева О.Х. Прадстаўнікі "Руху" на працэс не з'явіліся.
Такім чынам, па Віцебскай вобласці ў абласную выбарчую кампанію і 14 акруговых камісій было вылучана 15 грамадзянаў. У склад камісій увайшло два прадстаўнікі (у АВК 22 і ў АВК 29). Па Рэспубліцы Беларусь прадстаўнікі «Руху «За Свабоду» увайшлі ў склад чатырох акруговых камісій (2, 12, 22, 29). г.зн. па Віцебскай вобласці - 50%
У выніку суд не стаў на бок «Руху «За Свабоду», бо палічыў іх довады неабгрунтаванымі і не адпавядаючымі рэчаіснасці (пры фарміраванні камісій выбарчае заканадаўства не парушана, палічыў суд).
Аднак заяўнікам не пазначаны іншы момант: па вобласці перавага аддавалася пэўным суб'ектам. Так, Белая Русь: вылучана 14, увайшло 13; БРСМ - 14 з 14; РППіС - 4 з 4; Беларускі саюз жанчын - 9 з 9; Беларускае таварыства ветэранаў - 13 з 13; Беларускі фонд міру - 8 з 8; Федэрацыя прафсаюзаў - 39 з 40.
Дзевятае верасня - апошні дзень абскарджання ў судах неўключэння кандыдатаў ад апазіцыйных палітычных партый і рухаў у склад акруговых выбарчых камісій.
У Гомельскім абласным судзе праходзіць разгляд скаргі Аб'яднанай грамадзянкай партыі на неўключэнне яе сябраў у склад Гомельскай абласной і акруговых камісій. Справу разглядае намеснік старшыні суддзі Сяргей Шыцікаў.
На сумесным пасяджэнні Прэзідыума аблсавета і аблвыканкама па фарміраванні Гомельскай абласной выбарчай камісіі і 17-ці акруговых камісій з пяці прадстаўнікоў АГП ніхто не патрапіў у іх склад.
У прыватнасці, у склад абласной камісіі дэмакраты прапаноўвалі старшыню абласной арганізацыі АГП Зінаіду Шуміліну. У акруговыя выбаркамы ў Гомелі прапаноўваліся кандыдатуры Святланы Гальдадзе і Сяргея Касабуцкага, у Светлагорску Таццяны Насковай, у Калінкавічах Аляксандра Елісеева.
У выніку суддзя не знайшоў у скарзе АГП, якую на судзе падтрымаў яе прадстаўнік Васіль Палякоў, нейкіх падставаў для адмены рашэння па фарміраванні камісій. Скарга задаволена не была.
Таксама пасяджэнне абласнога суда па разглядзе скаргаў неўключаных у АВК кандыдатаў прайшло ў Брэсце. Суддзя Свялана Ілюшына разглядала скаргу Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамады). Грамаду прадстаўлялі Валянцін Лазарэнка і Ігар Маслоўскі, абласны Савет дэпутатаў і выканкам – Сяргей Цімашук.
Лазарэнка і Маслоўскі абскарджвалі неўключэнне ў склад акруговых камісій Генадзя Ігумнава і Анатоля Прышчыка. У выніку суд стаў на бок прадстаўнікоў улады і не задаволіў скаргу Грамады.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Працяг судоў за неўключэнне дэмакратаў у акруговыя камісіі: вынік прадказальны Дапоўнена