У Беларусі праходзяць нарады і семінары, прысвечаныя арганізацыі выбарчага працэсу па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Арганізоўваюць іх абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы. У нарадах прымаюць удзел кіраўніцтва ЦВК, прадстаўнікі аблвыканкаму, старшыні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Назіральнікі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” хацелі таксама патрапіць на гэтыя семінары на падставе артыкула 13 Выбарчага кодэкса, які дазваляе гэта зрабіць, сыходзячы з прынцыпаў галоснасці і адкрытасці правядзення выбараў.
Але назіральнікам кампаніі, як апынулася, уваход туды закрыты. Так, на нарады па выбарах не пусцілі магілёўскага назіральніка Аляксея Колчына і назіральніцу з Віцебска Ірыну Траццякову.
Напярэдадні правядзення семінараў РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнуўся ў Цэнтральную камісію за тлумачэннямі. На што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 10 верасня паведаміла праваабаронцам, што “патрабаванне аб адкрытым і галосным правядзенні выбараў, якое змяшчае згаданы ў звароце артыкул 13 Выбарчага кодэкса, не прадугледжвае татальнай прысутнасці назіральнікаў на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ходзе падрыхтоўкі да выбараў”.
А паколькі, семінары і нарады для арганізатараў выбараў з'яўляюцца рабочымі мерапрыемствамі, правядзенне якіх забяспечваюць абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў сваіх памяшканнях, то Цэнтральная камісія не ўмешваецца ў гэтую дзейнасць.
Старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак адзначыў, што праваабаронцы не згодныя з пазіцыяй ЦВК.
“Насамрэч, нічога новага мы не пабачылі ў гэтым адказе. Праваабаронцам падавалася, што Цэнтральная камісія зацікаўленая ў прысутнасці прадстаўнікоў грамадскасці на нарадах, прысвечаных выбарам. Бо прынцып галоснасці і адкрытасці на гэта і скіраваны.
Канешне, з аднаго боку, можна пагадзіцца з Ярмошынай, што назіральнікі не мусяць прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ходзе падрыхтоўкі да выбараў. Але трэба разумець, што ідзе гаворка пра навучанне сябраў выбарчых камісій. Нам важна бачыць і разумець, што распавядаюць сябрам камісій на семінарах. Сваёй забаронай, яны прымушаюць нас думаць, што яны нешта хаваюць”, — адзначае Алег Гулак.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Алег Гулак: Нам важна бачыць і разумець, што распавядаюць сябрам камісій на семінарах
Файлы
- svk-bhk-kamisii.pdf (0.36 Mb)
Крыніца: Алег Гулак: Нам важна бачыць і разумець, што распавядаюць сябрам камісій на семінарах Дакумент