Магілёўскі РАУС зацікавіўся эка-актывістам і прэтэндэнтам на месца ў Палаце прадстаўнікоў Андрэем Бодзілевым.
Актывіста выклікалі ў РАУС Магілёўскага раёна 6 верасня, піша mspring.online Паводле яго слоў, міліцыя такім чынам адрэагавала на зварот кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў».
– Гэта была проста гутарка. Падпалкоўнік міліцыі Канстанцін Губскі цікавіўся, хто здымае відэа аб заводзе «Омск Карбон», а таксама пытаўся наконт аднаго з тэкставых матэрыялаў, – распавёў Бодзілеў.
З яго слоў, адміністрацыя завода ў сваім звароце абвінаваціла эка-актывіста ў «дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі», а таксама абразе улады.
– У студзені гэтага года прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўніцтва «Омск Карбону» і чыноўнікаў. Незалежных журналістаў туды не дапусцілі. Я пракаментаваў сустрэчу, як «схадняк чыноўнікаў» і на заводзе дадумаліся абвінаваціць мяне ў «непавазе і абразе ўлады». Гэтае глупства я нават каментаваць не хачу, – падзяліўся ўражаннямі Андрэй Бодзілеў.
Ён сцвярджае, што супрацоўнік міліцыі Губскі паводзіў сябе карэктна і дзесьці нават спачуваў актывісту:
– Мне падалося, што ў Магілёўскім РАУС ўсё разумеюць і дзесьці займаюць наш бок у барацьбе за абарону экалагічных правоў грамадзян. Наўрад ці самім міліцыянтам патрэбна лішняя шуміха з-за скаргі «Омск Карбону».
Раней Андрэй Бодзілеў заявіў аб сваім вылучэнні ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў VII склікання па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88. 6 верасня ён перадаў у акруговую выбарчую камісію дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Магілёў: вылучэнцам у кандыдаты зацікавілася міліцыя