11 верасня гарадзенскі назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель пісьмова звярнуўся ў арганізацыйна-кадравае ўпраўленне Гродзенскага аблвыканкаму і ў абласную ТВК з заявай, каб яму дазволілі прысутнічаць на семінары для кіраўніцтва АВК, абласной ТВК і кіраўнікоў па арганізацыйнай працы райвыканкамаў Гарадзенскай вобласці і адміністрацый Гродна, які праводзіць ЦВК.
Раман Юргель атрымаў адмоўныя адказы. Аргупраўленне матывуе сваю адмову тым, што ён “…не з’яўляецца членам выбарчых камісій, прадстаўніком мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Іншыя асобы для ўдзелу ў семінары не запрашаюцца”.
А Гродзенская абласная ТВК за подпісам сакратара Ігара Зайко адказала, што “…семінар арганізуецца Гродзенскім аблвыканкамам. Катэгорыі запрашаемых на семінар вызначаліся Гродзенскім аблвыканкамам”.
Раман Юргель кажа: “Атрымліваецца нейкае замкнутае кола, нейкія калізіі і прабелы ў выбарчым заканадаўстве з боку ЦВК і нежаданне гэтую сітуацыю выпраўляць. Хоць згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь выбары праводзяцца адкрыта і галосна”.
12 верасня у закрытым рэжыме, сакратар ЦВК Алена Дмухайла правяла семінар з кіраўнікамі абласной і акруговых выбарчых камісій, прадстаўнікамі Гродзенскага гарвыканкаму, райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў горада Гродна. Якія пытанні па арганізацыі і правядзенні выбараў на семінары разглядаліся, засталося таямніцай і схаваным ад назіральнікаў, грамадзян і выбаршчыкаў. Калі гэта працэс адкрыты, то што там было хаваць ад грамадскасці? Выходзіць было што хаваць…
Нагадаем, што напярэдадні правядзення семінараў РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнуўся ў Цэнтральную камісію за тлумачэннямі. На што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 10 верасня паведаміла праваабаронцам, што “патрабаванне аб адкрытым і галосным правядзенні выбараў, якое змяшчае згаданы ў звароце артыкул 13 Выбарчага кодэкса, не прадугледжвае татальнай прысутнасці назіральнікаў на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ходзе падрыхтоўкі да выбараў”.
А паколькі, семінары і нарады для арганізатараў выбараў з'яўляюцца рабочымі мерапрыемствамі, правядзенне якіх забяспечваюць абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў сваіх памяшканнях, то Цэнтральная камісія не ўмешваецца ў гэтую дзейнасць.
Раней назіральнікі не змаглі патрапіць на аналагічныя семінары ў Магілёве і Віцебску, а таксама ў Мінску.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: У Гародні семінар для кіраўнікоў выбарчых камісій таксама правялі ў закрытым рэжыме Дакумент