Раённая газета "Астравецкая праўда" актыўна піярыць вылучэнца ад улады ў кандыдаты ў дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе №59 Віктара Свілу. Віктар Свіла - намеснік старшыні Астравецкага райвыканкаму, вызначыўся за апошнія гады актыўнай прапагандай пабудовы Астравецкай атамнай станцыі, забяспечваў ідэалагічнае абгрунтаванне гэтага будаўніцтва.
Віктар Свіла раней працаваў у камсамоле, потым на Ашмянскай рэгіянальнай мытні, апошнія 14 гадоў, хоць жыве ў Ашмянах, ездзіць на працу ў Астравец.
Ініцыятыўная група патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Віктара Свілы была зарэгістравана 12 верасня. Але пра тое, што ён будзе вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, можна было здагадацца яшчэ раней.
Папярэдні дэпутат ад гэтай акругі Адам Кавалько, былы старшыня Астравецкага райвыканкаму, замешаны ў шматлікіх карупцыйных скандалах, апошнім часам дзяржаўныя органы вялі праверку яго дзейнасці. У час папярэдняй парламенцкай кампаніі Віктар Свіла быў даверанай асобай Адама Кавалько.
Незадоўга да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Віктара Свілы, 6 верасня, у раённай газеце "Астравецкая праўда" з'явілася вялікае інтэрв'ю з Віктарам Свілам пад загалоўкам "Виктор Свилло, знакомый и неизвестный". Што цікава, гутарка з Віктарам Свілам зроблена па-беларуску, а загаловак па-расейску. Інтэрв'ю выканала Ніна Рыбік, былая галоўная рэдактарка "Астравецкай праўды", раней сумнавядомая тым, што адмаўлялася друкаваць у газеце артыкулы незалежных кандыдатаў у дэпутаты, у прыватнасці Мікалая Уласевіча.
Такая публікацыя інтэрв'ю ў дзяржаўнай газеце павінна трактавацца як выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу праўладным прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты, які займае высокую чыноўніцкую пасаду.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Астравецкая раёнка піярыць праўладнага вылучэнца ў кандыдаты