17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. А ўжо ў наступным годзе - Прэзідэнцкія выбары.
Кожны раз улада выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс для прыцягнення студэнтаў, ваеннаслужачых да ўдзелу ў выбарах датэрмінова. Бываюць выпадкі, калі работнікам дзяржпрадпрыемстваў (школаў, бальніцаў, дзіцячых садкоў і інш.) раяць прагаласаваць за «сваіх» кандыдатаў.
У прававым лікбезе ад "Вясны" разбіраемся, ці можна прымусіць удзельнічаць у выбарах і як пазбегнуць ціску на вучобе або працы.
Што такое Палата прадстаўнікоў? Палата прадстаўнікоў - гэта ніжняя палата Парламента Рэспублікі Беларусь, у склад якой уваходзіць 110 дэпутатаў, абраных грамадзянамі на чатыры гады. Гэта свайго роду дэлегаты ад народа для прыняцця рашэнняў па важных пытаннях жыцця людзей. |
Чым займаецца Палата прадстаўнікоў? Адна з асноўных функцый Палаты прадстаўнікоў - разгляд і прыняцце законапраектаў па самых розных накірунках (аб знешняй і ўнутранай палітыцы краіны, аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабодаў і абавязкаў грамадзяніна, аб зацверджанні рэспубліканскага бюджэта і прыняцці справаздачы аб яго выкананні, аб асновах сацыяльнай абароны і інш.) Акрамя таго, Палата прадстаўнікоў прызначае выбары Прэзідэнта, дае згоду яму на прызначэнне Прэм'ер-міністра, можа ў тым ліку выказваць вотум недаверу Ураду і вылучаць абвінавачанне супраць прэзідэнта ў здзяйсненні ім дзяржздрады або іншага цяжкага злачынства, а таксама прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Падрабязней у арт. 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. |
Хто можа вылучацца кандыдатам? Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года. Вылучацца кандыдат можа трыма шляхамі: ад палітычнай партыі ці грамадскага аб'яднання, ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў грамадзянаў (не менш за 1000). |
Хто можа абіраць? Выбаршчыкамі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Аднак, у выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, а таксама асобы, якiя ўтрымлiваюцца па выраку суда ў месцах пазбаўлення волі, або ў адносiнах да якiх абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. |
Ці абавязкова ўдзельнічаць у выбарах? Не! Выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ўдзельнічаць яму ў выбарах ці не і за каго галасаваць (арт. 65 Канстытуцыі). Ніхто не можа прымушацца да ўдзелу ў выбарах. |
Каго звычайна «прымушаюць» прагаласаваць датэрмінова ў абмен на выходны? Як правіла, «прымушаюць» датэрмінова галасаваць іншагародніх студэнтаў, якія зарэгістраваныя па адрасе інтэрнаты або самога універсітэта, а таксама ваеннаслужачых тэрміновага прызыву. Прымус - фізічнае і/або псіхалагічнае ўздзеянне на чалавека пад пагрозай чаго-небудзь. За прымус да якіх-небудзь дзеянняў прадугледжаная крымінальную адказнасць (арт. 185 Крымінальнага кодэкса). Напрыклад, калі вам паведамляюць, што падчас сесіі будуць праблемы са здачай экзаменаў, то гэта пагроза. Адпаведна, патрабаванне прагаласаваць датэрмінова пад пагрозай няздачы экзамену - гэта прымус. А калі кажуць «прагаласуй датэрмінова і ў пятніцу можаш ехаць дадому», гэта ўжо не прымус, а маніпуляцыя. У любым выпадку, толькі сам чалавек можа вырашаць, калі яму прымаць удзел у выбарах - датэрмінова ці ў дзень галасавання - і ці прымаць наогул. |
Ці можа начальнік ўказваць, за якога кандыдата аддаць голас? Не. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца (арт. 68 Канстытуцыі) Вядома, начальства можа рэкамендаваць/агітаваць за пэўнага кандыдата, але ў кабінцы для галасавання вы будзеце адны, і вам вырашаць, за каго галасаваць. |
Як можна фіксаваць парушэнні пры правядзенні выбараў? Калі вы гатовыя супрацьстаяць «прымусоваму» галасаванню і абараняць свае правы, то можна:
|
Як стаць назіральнікам? Кожны жадаючы можа далучыцца ў якасці назіральніка да кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», сумесна арганізаванай Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Праваабаронцы не аказваюць падтрымку палітычным партыям і іх кандыдатам, а сочаць за выкананнем міжнародных стандартаў у выбарчым працэсе, фіксуюць парушэнні і дапамагаюць удасканаліць працэс выбараў на карысць усяму грамадству. Назіральнікаў запрашаюць прыняць удзел у маніторынгу асноўнага дня выбараў - 17 лістапада, а таксама падчас датэрміновага галасавання - з 12 па 16 лістапада. Для таго, каб стаць назіральнікам трэба запоўніць кароткую анкету і прыняць удзел у падрыхтоўцы да назірання ў кастрычніку-лістападзе. |
Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
*Пры падрыхтоўцы матэрыялу ў тым ліку выкарыстаная інфармацыя з сайта studrada.org
Крыніца: «Выбары-дурыбары», ці Што рабіць, калі заганяюць на ўчастак?