Не першы год беларускія і украінскія грамадскія актывісты абменьваюцца досведам працы ў галіне стварэння зручных умоў жыцця для ўсіх катэгорый насельніцтва, безбар’ернага асяродку ў горадзе, абароны правоў людзей з інваліднасцю.
Па запрашэнні і пры садзейнічанні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Светлагорск наведаў эксперт па праблемах даступнасці і безбар’ернага асяродку, прадстаўнік камітэта даступнасці пры гарадской радзе горада Чаркасы (Україна), кіраўнік грамадскай арганізацыі “Рівность” Тарас Крамны.
З 21 ліпеня распачалася супольная праца па маніторынгу горада і вызначэнню зручнасці пражывання ў ім людзям з інваліднасцю па зроку і сляпым, а таксама інвалідам-вазочнікам ды іншым катэгорыям фізічна аслабленых асоб. Цягам трох дзён вялася інтэнсіўная праца ўкраінскага эксперта, прадстаўнікоў ПЦ “Вясна”, Светлагорскага міжраённага аддзялення РАІК і БелТІЗ.
Былі даследаваны на прадмет даступнасці тратуары, перакрыжаванні, магазіны, месцы грамадскага харчавання, бібліятэкі, паліклінікі, бальніцы і іншыя аб’екты інфраструктуры горада.
Па інфармацыі актывісткі Алены Маслюковай, маніторынг выявіў мноства праблемаў, якія неабходна будзе вырашаць з дапамогаю гарадскіх уладаў. Гэта стала падставай для правядзення круглага стала з гарадскімі чыноўнікамі, на якім выяўленыя праблемы будуць данесены сумеснымі намаганнямі людзей з інваліднасцю да ўладаў.
Па выніках маніторынгу актывісты правялі працоўную сустрэчу прадстаўнікоў “Вясны”, РАІК, БелТІЗ, кіраўніка сацыяльнага прадпрыемства “Умелы калабок”, на якім працуюць людзі з рознымі формамі інваліднасці і неабароненыя слаі насельніцтва.
Прыслухаўшыся да вопыту працы украінскага боку і выказваючы жаданне сумеснымі намаганнямі вырашаць праблемы людзей з інваліднасцю, быў створаны міжарганізацыйны савет.
Крыніца: Актывісты робяць Светлагорск больш даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі