Суд Пінскага раёна і Пінска 28 ліпеня паўторна разгледзіць адміністратыўную справу сябра Руху «За Свабоду» Аляксандра Аўсеенкі. Яго аштрафавалі за ўдзел у сакавіцкай акцыі пратэсту, але Брэсцкі абласны суд у апеляцыйным парадку адмяніў гэтае рашэнне.
«27 красавіка суддзя суда Пінскага раёна і горада Пінска Д. Свіцін аштрафаваў спадара Аўсеенку за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Леніна 26 сакавіка. Спадар Аўсеенка быў не згодны з гэтым рашэннем», - распавёў сайту Pyx.by актывіст Алесь Рамановіч.
Па ягоных словах, Аўсеенка адсутнічаў у горадзе у той час, калі была заведзена адміністрацыйная справа і адбыўся суд, пра прысуд даведаўся толькі калі прыехаў з Мінску, дзе быў у гасцях у сястры.
6 ліпеня Брэсцкі абласны суд адмяніў рашэнне суда Пінскага раёна і горада Пінска і накіраваў справу зноў на разгляд гэтага суда.
Судовае паседжанне адбудзецца ў пятніцу, 28 ліпеня, ў 12.00.
Крыніца: Пінск: Аляксандра Аўсеенку чакае новы суд за сакавіцкую акцыю