Назіральнік з Віцебска Леанід Свецік звярнуўся ў дзейсную Палату прадстаўнікоў з просьбай растлумачыць палажэнне першага абзаца арт. 49 Выбарчага кодэкса.
У прыватнасці, праваабаронцу цікавіць, ці надыходзіць адміністрацыйная, крымінальная або іншая адказнасць для журналістаў, якія праводзяць апытанне выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў для галасавання, калі такое апытанне праводзіцца па-за памяшканнямі, дзе знаходзяцца выбарчыя камісіі, і ўжо пасля таго, як выбаршчык прагаласаваў.
На думку Леаніда Свеціка, дзеянні журналістаў не цягнуць за сабой прававыя наступствы, звязаныя з перашкодай галасаванню, незаконнай агітацыяй, заклікамі да байкоту, умяшаннем у працу выбарчых камісій.
Аднак Палата прадстаўнікоў адказала на заяву Леаніда Свеціка, што ў яе кампетэнцыю не ўваходзіць тлумачэнне заканадаўства, роўна як і практыка яго прымянення.
«У адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае праекты законаў аб тлумачэнні законаў, унесеныя суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ва ўстаноўленым парадку. Іншае тлумачэнне нормаў закона не з'яўляецца афіцыйным і адлюстроўвае толькі меркаванне таго ці іншага органа (службовай асобы) па вызначаным пытанні», - адзначаецца ў адказе.
На думку дэпутатаў ніжняй палаты парламента, афіцыйнае тлумачэнне нарматыўных прававых актаў у выпадку выяўлення няяснасцей і адрозненняў у іх змесце і разуменні, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення, калі не патрабуецца ўнясення зменаў, можа ажыццяўляць нарматворчы орган (службовая асоба), які прыняў або выдаў гэты акт, або ўпаўнаважаны iм орган, калi iншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй.
Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык падкрэслівае, што таксама прававую дапамогу фізічным і юрыдычным асобам маюць права аказваць адвакаты, якія могуць даваць кансультацыі і тлумачэнні па юрыдычных пытаннях, вусныя і пісьмовыя даведкі па заканадаўстве, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і камерцыйныя арганізацыі, якія аказваюць юрыдычныя паслугі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Палата прадстаўнікоў не можа тлумачыць Выбарчы кодэкс?