Барысаўская акруговая камісія №62 вынесла папярэджанне актывісту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандру Абрамовічу і яго ініцыятыўнай групе "ў сувязі з парушэннем парадку збора подпісаў". Пра гэта 19 верасня паведаміў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Мацкевіч. Падставай для папярэджання стала паведамленне па пасяджэнні сябра камісіі Б.Лапуцькі і два рапарты Барысаўскага РУУС.
Б.Лапуцька паведаміў, што 17 верасня, наведаўшы пікет Абрамовіча каля мясцовага ўнівермагу "Веста", выявіў некалькі парушэнняў:
- Абрамовіч не прадаставіў яму пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы;
- пікет меў агітацыйныя матэрыялы (якія менавіта не ўказаў).
У рапартах намесніка начальніка Барысаўскага РУУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі П.Зміцера ад 17 і 18 верасня, было ўказана, што пры правядзенні пікетавання Абрамовічам былі дапушчаныя парушэнні выбарчага заканадаўства. Да рапартаў былі прыкладзеныя чорна-белыя фотаздымкі. Пасля таго, як сябры камісіі азнаёміліся з матэрыяламі справы, яны адзінагалосна прагаласавалі “за” вынясенне папярэджання Аляксандру Абрамовічу.
Назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч заўважыў, што “само папярэджанне ўжо было раздрукавана на паперы і ляжала на стале ў старшыні камісіі”.
Аляксандр Абрамовіч, якому было вынесена папярэджанне, адзначыў:
“Адразу не прадаставіў падсвечанне, бо доўга шукаў у торбе, не змог адразу знайсці. Што тычыцца "агітацыі" на пікеце, то магу адзначыць, што на драўляным стэндзе з аркушом паперы, на якім напісана, што тут можна паставіць подпіс за вылучэнне А. Абрамовіча, ёсць яшчэ два аркушы з абодвух бакоў. Адзін — "Статкевич — наш прэзидент", другі — "Лукашенко должен уйти". Апроч гэтага, на стэндзе вісіць вялікае фота фармату А4 са мной і Міколам Статкевічам, дзе паціскаем адзін адному рукі. Ніхто з супрацоўнікаў міліцыі да пікета 17 і 18 верасня не падыходзіў, каб скласці нейкія паперы аб парушэннях. З чаго можна зрабіць выснову, што міліцыя склала рапарты "дыстанцыйна", вядучы пры гэтым фотаздымку пікетоўшчыкаў здалёк”.
Заўважым, што гэта ўжо другое папярэджанне вылучэнцу ў кандыдаты ў дэпутаты, актывісту БСДП. У Мінску 16 верасня за парушэнне выбарчага заканадаўства, а менавіта за надпіс на стэндзе “Лукашенко должен уйти”, было вынесена папярэджанне Валянціну Троцкаму.
Днямі таксама вынеслі папярэджаннне лідару Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Міколу Казлову за правядзенне падчас збору подпісаў пікета памяці.
"Праваабаронцы за с вабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: “Папярэджанне ўжо было раздрукавана і ляжала на стале ў старшыні камісіі”